Візіт Ціханоўскай у Польшчу важны, але момант фатальны

Горшы тэрмін для прыезду ў Варшаву абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай складана было падабраць. Замежная палітыка зараз тут амаль не існуе, медыі і грамадства цалкам пераключыліся на ўнутраныя справы. 

Святлана Ціханоўская, Шыман Галоўня
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і маршалак Сейму Шыман Галоўня выступаюць з прамовамі перад медыя ў Сейме і Сенаце Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

8-10 студзеня беларуская дэмакратычная лідарка завітала ў Польшчу «пазнаёміцца» з новымі ўладамі краіны. Сустрэлася з прэзідэнтам Анджэем Дудай, кіраўніком польскага МСЗ Радаславам Сікорскім, кіраўніком Сейму Шыманам Галоўняй, спікеркай польскага Сенату Малгажатай Кідавай-Блоньскай і правяла шэраг іншых важных сустрэчаў.

Напэўна абраная прэзідэнтка Беларусі, як і іншыя прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, ехалі ў Варшаву каб «нагадаць пра сябе» новай кіроўнай кааліцыі з трох партыяў. Усё дзеля таго, каб Польшча працягнула падтрымку грамадзянскай супольнасці (праваабаронцаў, апазіцыйных арганізацыяў, беларускіх незалежных медыяў і гд.), не забылася пра Беларусь і не надумала раптам пачаць нейкія закулісныя размовы з Лукашэнкам. Мяркуючы па выказваннях прадстаўнікоў офісу Ціханоўскай, візіт быў паспяховым.

Вядома, што падобныя візіты рыхтуюцца загадзя і пэўных падзеяў ніхто не ў стане прадбачыць, але горшы момант для прыезду Святланы Ціханоўскай у Варшаву складана было падабраць.

Мала таго, кіраўніца вольнай Беларусі міжвольна апынулася ў эпіцэнтры палітычнага тарнада ў Польшчы. Вечарам 9 студзеня, калі прэзідэнт Дуда выехаў са сваёй асноўнай рэзідэнцыі на Кракаўскім прадмесці ў Бельведэрскі палац каб сустрэцца з Ціханоўскай і беларускай супольнасцю, у прэзідэнцкі палац (на Кракаўскім прадмесці) увайшла паліцыя і затрымала там экс-міністра ўнутраных спраў Марыюша Каміньскага і яго былога намесніка Мацея Вонсіка.

Гучыць гэта вельмі дзіўна, але такая сённяшняя палітычныя атмасфера ў Польшчы, гэтым жыве краіна некалькі тыдняў запар. У снежні Вонсіка і Камінскага (дэпутатаў польскага Сейму і важных дзеячаў яшчэ нядаўна кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» (PiS)) акружны суд Варшавы прыгаварыў да 2 гадоў турмы за іх дзейнасць яшчэ з 2007 года, калі яны ўзначальвалі антыкарупцыйнае бюро.

У 2015 годзе, пасля прыгавору першай інстанцыі, прэзідэнт іх памілаваў. Аказалася, што гэтага было замала і пасля рашэння другой інстанцыі (канчатковай), якое з’явілася ўжо пасля змены ўлады ў Польшчы, Дудзе прыйдзецца памілаваць іх яшчэ раз (гэта адбудзецца ў бліжэйшым часе). Ужо былыя дэпутаты (іх мандат прыпыніў вырак суду) знаходзяцца пад вартай.

Сустрэча прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай у Бельведэрскім палацы. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Michal Zebrowski / East News

Дарэчы падчас затрымання прэзідэнт адразу спрабаваў выехаць з Бельведэрскага палацу, але дарогу яму, як кажуць у канцылярыі польскага кіраўніка, перакрыў гарадскі аўтобус. Маўляў, не выпадкова, бо ў Варшаве таксама кіруе былая апазіцыйная партыя («Грамадзянская Платформа»), а сёння ўжо кіроўная. Вось у такой атмасферы скончылася сустрэча прэзідэнта Польшчы з Ціханоўскай. На словах усё прыгожа, але ў галаве Дуды былі зусім іншыя справы.

11 студзеня «Закон і справядлівасць» вывела сваіх прыхільнікаў на «пратэст вольных палякаў» у Варшаве. Арганізатары кажуць, што на вуліцах было нават 300 тыс. чалавек, але ўлады Варшавы даюць іншыя лічбы – 35 тыс. У адказ на гэта прэмʼер Польшчы Дональд Туск паклікаў сваіх прыхільнікаў 13 студзеня ў Гданьск. Там адбылося ўшанаванне 5-ай гадавіны забойства мэра гораду Паўла Адамовіча (дзеяча партыі Туска).

Невядома, як доўга ў Польшчы будзе яшчэ доўжыцца «выбарчая кампанія», якая цягнецца з восені. Але зараз замежная палітыка тут амаль не існуе, медыі і грамадства цалкам пераключыліся на ўнутраныя справы.

Польшчу чакаюць турбуленцыі звязаныя з ухваленнем бюджэту дзяржавы, які мусіць падпісаць прэзідэнт.  Многія польскія эксперты кажуць, што пасля затрымання Вонсіка і Камінскага ў яго палацы, Дуда будзе блакаваць ініцыятывы ўраду. Зрэшты палітычнае тарнада ў Польшчы не спыняецца, 17 студзеня медыі паведамілі пра затрыманне былога намесніка міністра замежных справаў Пётра Ваўжыка (быў вызвалены пад залог).

Польшчу чакае ўпарадкаванне сітуацыі ў дзяржаўных СМІ (ідуць судовыя працэсы), ідзе сапраўдная вайна паміж былымі і дзейнымі ўладамі.

Візіт Ціханоўскай у Польшчу вельмі важны для Беларусі, але адбыўся ў вельмі неспрыяльным часе. Можна параўнаць яго з наступнай сітуацыяй: чалавек прыбягае да суседзяў і кажа, што ў яго хата гарыць, а там сварыцца мужык з жонкай, лётаюць па пакоях, бʼюць талеркі і не звяртаюць увагі на госця.

Сустрэчы адбыліся, сказана вельмі шмат важных словаў. Але што з гэтых сустрэчаў на наступны дзень засталося ў галовах польскіх палітыкаў?

Меркаванні
Чаго беларусам чакаць ад ураду Туска?
2023.12.12 20:14

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў