Расейская і беларуская тэнісныя федэрацыі святкуюць: іх прадстаўнікоў зноў дапусцілі да турніраў «Вялікага шлема». Цяпер – на самы малады з мэйджараў, Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі.
Летась санкцыі Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў і Жаночай тэніснай асацыяцыі былі ўжытыя ў дачыненні арганізатара «Ўімблдану» – Усеанглійскага клубу лон-тэнісу, які неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне заявіў пра немагчымасць выступу на іх кортах прадстаўнікоў краінаў-суагрэсараў. І цвёрда давялі сваю пазіцыю да канца. Расея і Беларусь не выступілі на «Ўімблдане-2022» ні пад якім статусам. За што клубу прыйшлося заплаціць штраф памерам $ 1 млн, а ўсім іншым удзельнікам не налічваліся рэйтынгавыя пункты. Тэнісны Лондан адным з першых разам з Міжнароднай федэрацыяй шахматаў і Міжнароднай федэрацыяй футболу рэзка асудзіў вайну, якая распачалася 24 лютага 2022 года.
Аднак у выніку свет тэнісу раздзяліўся і прагаласаваў за тое, каб усё ж дапускаць расейцаў і беларусаў на іншыя турніры «Вялікага шлема»: Адкрытыя чэмпіянаты Францыі і ЗША. Толькі без падкрэслівання нацыянальнай прыналежнасці. І гэта дазволіла Федэрацыі тэнісу Расеі і Беларускай тэніснай федэрацыі, а таксама прадстаўнікам дзяржаўных органаў гэтых краінаў заявіць пра нейкую справядлівасць, не кажучы ні слова пра вайну, развязаную Пуціным. У чацвер, 5 студзеня 2023 года, калі стала вядома пра тое, што арганізатары Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі дапусцяць расейцаў і беларусаў, кіраўнік Федэрацыі тэнісу Расеі Шаміль Тарпішчаў выказаўся, што ў ягоным ведамстве і не сумняваліся, што расейцаў дапусцяць.
«У іх [арганізатараў «Australian Open». – Заўв. рэд.] дамова з Асацыяцыяй тэнісістаў-прафесіяналаў, таму мы не пераймаліся, што нашых тэнісістаў могуць не дапусціць. Яны кіруюцца рэгламентам, які самі ж і зацвердзілі нашмат раней. У нас усе сябруюць. Нават украінцы гуляюць з намі. Мы свайго кшталту тэнісная сям’я. А любы від спорту – гэта камерцыя. Камерцыйны складнік важны, але тут ён другасны. Тэніс паказвае, што спорт па-за палітыкаю», – сказаў Тарпішчаў.
Нягледзячы на гэта, расейцы ўжо імкнуліся запляміць сёлетні «Australian Open» парушэннем правілаў допуску. Падчас двубою паміж расяянкаю Камілай Рахімавай і Кацярынаю Байндль з Украіны заўзятары прадэманстравалі расейскі сцяг.
Амбасадар Украіны ў Аўстраліі Васіль Мірашнічэнка рашуча заклікаў прадстаўнікоў аўстралійскага тэнісу сачыць за захаваннем «палітыкі нейтральнага сцягу» з боку расейцаў.
Беларуская ж тэнісная федэрацыя раней асмелілася нават падаць у суд на Міжнародную федэрацыю тэнісу (ITF) за тое, што тая прыпыніла на нявызначаны тэрмін сяброўства нацыянальнай арганізацыі ў Міжнароднай федэрацыі і забараніла праводзіць турніры як у Беларусі, гэтак і ў Расеі.
Старшыня БТФ Сяргей Рутэнка на пачатку гэтага года адзначыў, што ягонае ведамства працягвае змагацца за сваіх спартоўцаў, хіба што мала верыць у тое, што сітуацыя хутка развяжацца.
«Цяпер мы ў судовым працэсе з ITF. Мы не парушылі ніводнага пункту Міжнароднай федэрацыі, і патрабаванні ITF незаконныя. І цяпер чакаем паседжання суда, якое павінна адбыцца на пачатку 2023 года. Але тут таксама можа ўмяшацца палітыка, таму прагназаваць, якім будзе канчатковы вердыкт, проста немагчыма».
Тэніс – від спорту вельмі кансерватыўны. Тут кожны сам за сябе. І акурат тэнісісты – расейцы і беларусы – зняпраўдзілі распаўсюджанае меркаванне, што спартоўцы быццам бы ўсёй душою і сэрцам выступаюць за сваю радзіму. Вялікая вайна ва Украіне цалкам паказала сутнасць гэтага «патрыятызму». Занадта намагацца ў яго праяўленні – абсалютна няма неабходнасці. Бо на сумы ганарараў гэта ніяк не ўплывае. Таму прынцып выступлення пад сцягам або гімнам акурат сваёй краіны адыходзіць на далёкі другі план.
Ніхто з прадстаўнікоў краінаў-суагрэсараў не адмовіўся выступаць на турнірах хаця б на знак пратэсту супраць таго, што ад дзеянняў Пуціна і Лукашэнкі ва Украіне працягваюць гінуць мірныя людзі, сярод якіх і ўжо амаль 200 украінскіх спартоўцаў. На Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі – 2023 заявіліся ажно 20 расейцаў, чатыры беларусы і восем украінцаў. У першыя два дні турніру ў Мельбурне беларускае прадстаўніцтва, у прыватнасці, скарацілася на аднаго тэнісіста. З далейшай барацьбы выбыў Ілля Івашка. Азаранка, Сасновіч і Сабаленка прайшлі ў другое кола.
Варта адзначыць, што арганізатары не ўхіліся ад дабрачыннасці на карысць Украіны. Адбылося некалькі матчаў у межах акцыі «Tennis Plays For Peace». У тым ліку і двубой з удзелам 98-гадовых Леаніда Станіслаўскага, украінскага рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінэса, і аўстралійца Гэнры Янга.
Акрамя таго, былая сёмая ракетка свету і самая паспяховая ўкраінская тэнісістка ў гісторыі Эліна Світоліна запісала зварот з заклікам рабіць ахвяраванні на падтрыманне Украіны. У першыя дні агулам на дабрачыннасць было сабрана больш за $ 200 тыс.
Аляксандр Пуціла belsat.eu