Расея: жахлівая статыстыка ў авіякатастрофах (дадалася інфаграфіка)


Самалёт, які разбіўся ў Казані, яшчэ раз пацвердзіў першае месца Расеі ў сусветным рэйтынгу паводле колькасці авіякатастрофаў на краіну.

«Боінг 737-500», які разбіўся ўчора ў Татарстане, забраў жыцці 50 чалавек. Авіялайнер ляцеў з Масквы ў Казань і паводле МНС Расеі выбухнуў падчас пасадкі. Пілоты некалькі разоў спрабавалі пасадзіць самалёт, але ўрэшце ён сутыкнуўся з зямлёю.

Грамадзянаў Беларусі на борце не было. У спісах загінулых фігуруюць сын прэзідэнта Татарстану Ірэк Мініханаў, кіраўнік Упраўлення расейскай спецслужбы ФСБ па Татарстане Аляксандр Антонаў. Сярод ахвяраў – трое дзяцей.

На інфаграфіцы: 23 авіяаварыі ў Расеі ў 2013 годзе

Асноўныя версіі адносна прычыны катастрофы – памылка ў пілатаванні і тэхнічныя няспраўнасці. Пра гэта прадстаўнік Следчага камітэту Расеі Аляксандр Палцінін паведаміў у інтэрв’ю агенцтву «Интерфакс-Запад».

Вядома, што самалёт, які належаў авіякампаніі «Татарстан», быў першым кандыдатам на выбыванне. Ён лятаў з 1990 года, і цяперашні арандатар быў ужо сёмы з ліку. Адмовіцца ад «Боінгаў-737» кампанія планавала яшчэ летась. Журналістка Ленара Кашафутдзінава, якая ў той дзень ляцела гэтым самалётам у Маскву, распавяла расейскаму Першаму каналу, што ўжо тады пры пасадцы ўзніклі праблемы. Паводле яе, пасажыраў напужала неймаверная вібрацыя падчас апошніх хвілінаў палёту.

У першай палове 2011 года колькасць авіякатастрофаў у Расеі вырасла больш як на 50 % у параўнанні з такім жа перыядам 2010-га. Колькасць здарэнняў павялічылася ўдвая, колькасць загінулых – у 4 разы. Паводле падлікаў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (International civil aviation organization), за 2011 год каэфіцыент авіякатастрофаў у Расеі склаў 11,07. Гэта амаль утрая вышэй, чымся ў сярэднім у свеце (4,2).

Сярод галоўных прычынаў трагічнай статыстыкі называюць ігнараванне міжнародных стандартаў бяспекі і састарэлую тэхніку.

{movie}Сюжэт пра авіякатастрофу ў Казані|right|13354{/movie}

Аліна Кашкевіч, Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў