На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы 15 снежня 2023 года адбылася ўжо трэцяя за год хваля масавых затрыманняў па палітычных матывах, паведамляе тэлеграм-канал «Задержания, суды в Лиде».
Вядома пра затрыманне 8 чалавек. Паводле папярэдняй інфармацыі, у віну ім ставяць «лайкі» і падпіскі на дэмакратычныя каналы.
Гэты рэйд затрыманняў на шклозаводзе «Нёман» – трэці за бягучы год. Папярэднія два адбыліся 13 жніўня – былі затрыманыя 9 чалавек, і 8 снежня – затрымалі каля 10 чалавек.
Масавыя затрыманні апошнім часам адбываюцца ў Беларусі ледзь не штодня. У Наваполацку ужо тыдзень затрымліваюць людзей, якія маглі быць звязаныя з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым у Расеі ФСБ за нібыта дыверсію на расейскім БАМе. Людзей апытваюць і правяраюць тэлефоны: адных адпускаюць, другія адпраўляюцца ў суд.
У Шчучыне сілавікі пачалі затрымліваць людзей, якія напісалі каментары з нагоды смерці намесніка начальніка Шчучынскага РАУС Сяргея Асавіка, які памёр на працоўным месцы.
У Светлагорску былі затрыманыя супрацоўнікі тэлеканалу «Ранак».
У берасцейскім ГСКБ (Галоўнае спецыялізаванае канструктарскае бюро), якім кіруе брат Аркадзя Добкіна (заснавальніка «EPAM») таксама адбыліся ператрусы і затрыманні, пра што стала вядома 14 снежня.
З канца лістапада адбываюцца затрыманні і ператрусы ў людзей, звязаных з Каардынацыйнай радай, а таксама назіральнікаў на выбарах 2020 года.
Марыя Міхалевіч belsat.eu