Якая карысць ад рэформаў і прыватызацыі. Тлумачаць эканамісты Аляхновіч і Данэйка


У Варшаве прэзентавалі праекты рэформаў дзяржаўнага сектару Беларусі. Гаварылі ў тым ліку пра прыватызацыю, рэструктурызацыю, пра тое, ці трэба пускаць у краіну расейскі і кітайскі капітал, што ў выніку атрымаюць беларусы ды як пераканаць іх у неабходнасці рэформаў. «Белсат» паслухаў дыскусію экспертаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукцыя беларускага металургічнага заводу.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

Праекты рэформаў дзяржаўнага сектару прэзентавалі прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе эканомікі Алесь Аляхновіч і адміністрацыйны дырэктар цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Павел Данэйка. Яны казалі, што прыватызацыя ды рэструктурызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў даўно саспела, і адзначылі: гэта не адзінае, што патрабуе рэформаў у Беларусі.

«Каб былі абароненыя людзі»

Паводле Аляхновіча, прыватызацыя павышае эфектыўнасць прадпрыемстваў, узмацняе канкурэнцыю, спрыяе прыцягненню беспасярэдніх замежных інвестыцыяў, дапамагае мінімізаваць карупцыю, вядзе да дэпалітызацыі эканомікі. І ўласна прыватызацыя – гэта ледзь не апошні крок пераўтварэнняў.

«Прыватызацыя мусіць быць неадʼемнаю часткаю комплекснай праграмы эканамічных рэформаў. Яшчэ да прыватызацыі трэба стварыць роўныя ўмовы вядзення бізнесу. Да прыватызацыі варта сфакусавацца на рэформе сацыяльнай палітыкі, каб людзі былі абароненыя, каб людзі, якія патэнцыйна могуць страціць працу, атрымлівалі добрыя выплаты праз беспрацоўе, маглі атрымаць грант на заснаванне новага бізнесу, на перакваліфікацыю», – растлумачыў прадстаўнік Кабінету.

Таксама трэба вярнуць давер да дзяржаўных установаў, у тым ліку да судовай сістэмы, правесці ейную рэформу, дадаў Аляхновіч.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе эканомікі Алесь Аляхновіч. Варшава, Польшча. 27 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Мільярды долараў пад падушкай у беларусаў

Павел Данэйка распавёў, што ў выніку кампетэнтнай рэструктурызацыі зніжаюцца выдаткі, расце абʼём продажаў, а таму не тое што звальняць, – трэба новых людзей браць на працу:

«Матывацыя менеджменту такая, што часцей за ўсё кіраўнікам дзяржкампаніяў (а там ёсць вельмі таленавітыя асобы) лепей нічога не рабіць, чымся штосьці рабіць. Яны не размяркоўваюць рызыкі. Няма доўгатэрміновых стратэгіяў».

Эксперт падкрэсліў неабходнасць аптымізаваць выдаткі і вытворчыя працэсы ды прапанаваў карыстацца нямецкімі праграмамі і падыходамі, бо «немцы ў гэтым слушныя».

Павел Данэйка. Вільня, Літва. 22 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Данэйка падсумаваў, што галоўнае для прыватызацыі – рэструктурызацыя і стварэнне фондавага рынку. Аляхновіч заўважыў, што шмат беларусаў маюць ашчаджэнні (каля 14 мільярдаў долараў), якія або ў банках, або, часцей за ўсё, «ляжаць пад падушкай». У той час як гэтыя грошы маглі б працаваць у Беларусі, калі б быў фондавы рынак і калі б можна было наўпрост набываць акцыі.

Не пускаць расейскага і кітайскага капіталаў

Сузаснавальнік Рабочага руху Юрый Рававы, які браў удзел у дыскусіі, засяродзіў увагу на неабходнасці шырока падтрымаць працаўнікоў на выпадак звальненняў, а таксама выказаўся за тое, каб расейскага і кітайскага капіталаў не пускаць у Беларусь:

«Расея і Кітай у Міжнароднай арганізацыі працы аддалі свае галасы супраць таго, каб прымусіць беларускі рэжым да выканання рэкамендацыяў арганізацыі, то бок даць магчымасць працаваць прафсаюзам і выпусціць на волю нашых людзей. Перавага мусіць быць нацыянальнаму капіталу, гэта пытанне нашай нацыянальнай бяспекі».

Юрый Рававы падчас страйку рабочых «Горадня Азоту». Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Жаданне рэформаў і недавер да элітаў

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў падчас дыскусіі адзначыў, што ў Беларусі, з аднаго боку, дэвальваваны сам канцэпт рэформаў, а з другога – ёсць запыт на іх. Але існуе праблема, што ў беларусаў няма адпаведнага досведу і грамадства фактычна выключанае з гэтага працэсу.

«Яшчэ праблема – адсутнасць даверу ў беларусаў да тых, хто над імі. Хутчэй за ўсё, гэты недавер будзе расці – да экспертаў, да незалежных медыяў, пакрысе будуць губляць давер і структуры грамадзянскай супольнасці. Пытанне часу», – мяркуе Коршунаў.

Сацыёлаг параіў рабіць сістэмныя захады для прасоўвання рэформаў у грамадства і рыхтаваць ува ўсіх праектах тлумачальныя артыкулы на зразумелай мове: «Яны мусяць проста даводзіць, што будзе рабіцца, як будзе рабіцца і што атрымае канкрэтная асоба».

Рэформы для росту заробкаў

Нямецкі эксперт, колішні чалец Назіральнай рады Банку развіцця Беларусі Даньель Круцына (Daniel Krutzinna) канстатаваў, што зацікавіць заходніх інвестараў Беларуссю будзе складана нават пасля змены ўлады. З прычынаў – невялікі ўнутраны рынак краіны і таксічнасць Расеі, з якою шмат якія беларускія прадпрыемствы маюць шчыльныя сувязі. Пры гэтым трэба ўлічваць нутраны капітал, які мае рэсурсы і можа адыграць важную ролю пры прыватызацыі:

«Стаўку трэба рабіць на нутраныя рэсурсы – і фінансавыя, і кіраўніцкія, а не чакаць, пакуль Захад выручыць».

Даньель Круцына на канферэнцыі ў Менску. 13 снежня 2016 года.
Фота: satio.by

На завяршэнне размовы Павел Данэйка зрабіў выснову, што цяпер галоўнае для Беларусі – рэфармаванне адукацыі ды навукі. Гэта дасць базу для развіцця прадпрымальніцтва, якое рухае эканоміку наперад.

«Рэформы вядуць да росту ВУП і заробкаў. Вось канцавы вынік, і гэта трэба давесці да грамадства», – сказаў кіраўнік цэнтру BEROC.

Hавiны
На канферэнцыі «Новая Беларусь» абмеркавалі эканамічныя рэформы. Што трэба мяняць у першую чаргу?
2022.08.08 22:02

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў