МУС дадала ў «спіс экстрэмістаў» яшчэ 18 чалавек. У спісе – журналістка Ірына Слаўнікава


16 снежня МУС РБ у чарговы раз абнавіла так званы «пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс трапіла журналістка польскага тэлеканалу TVP Ірына Слаўнікава, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

У «спіс экстрэмістаў» дадалі 16 снежня яшчэ 18 чалавек. Цяпер у ім 2181 чалавек. Апроч палітзняволенай Ірыны Слаўнікавай у спіс трапілі палітвязні Ігар Леднік, Людміла Абразоўская, Дзмітрый Кандраценка, Максім Куроўскі, Аляксандр Велясніцкі ды іншыя.

У «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» ўключаюцца як беларусы, так і грамадзяне іншых дзяржаваў, асуджаныя па «злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці» пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэта людзі, якіх асудзілі па крымінальных справах. Асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах не ўключаюцца ў гэты спіс.

МУС уключае і тых, хто цяпер у месцах няволі адбывае тэрмін, і тых, ужо выйшаў на волю, і тых, у каго ўжо нават пагашаная судзімасць. Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, публікуецца на сайце Міністэрства ўнутраных справах.

Журналістку Ірыну Слаўнікаву асудзілі на пачатку жніўня 2022 года на 5 гадоў калоніі. 6 снежня Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў яе апеляцыйнай скаргі. Палітзняволеная Ірына Слаўнікава знаходзіцца ў няволі больш за 400 дзён. Ірына адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калоніі №4.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў