Еўразвяз прыняў дзявяты пакет санкцыяў у дачыненні Расеі


Еўразвяз зацвердзіў у пятніцу 16 снежня дзявяты пакет санкцыяў супраць Расеі. У санкцыйны спіс трапілі 200 асобаў і кампаніяў, у тым ліку – чатыры тэлеканалы і некалькі банкаў. Падоўжыўся таксама пералік забароненых тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння – электронікі, запчастак і рухавікоў, у тым ліку для дронаў.

Згодна з новым пакетам санкцыяў, ЕЗ уводзіць поўную забарону на аперацыі з Усерасейскім банкам развіцця рэгіёнаў і замарожвае актывы яшчэ двух расейскіх банкаў. Ініцыюецца прыпыненне на сваёй тэрыторыі вяшчання расейскіх тэлеканалаў «НТВ», «НТВ Мир», «Россия 1», «РЕН ТВ» і «Першага каналу».

Брусель пашырае таксама забарону на экспарт у Расею тавараў і тэхналогіяў, звязаных з авіяцыяй, у тым ліку беспілотнікаў. Уводзіць забарону на новыя інвестыцыі ў расейскія энергетычны і горназдабыўчы сектары.

«У спіс дададзеныя ключавыя фігуры, якія маюць дачыненне да жорсткіх і мэтанакіраваных ракетных удараў па цывільным насельніцтве, да выкрадання і вывазу ў Расею ўкраінскіх дзяцей, а таксама да крадзяжу ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі», – паведамляе ЕЗ.

Дзявяты пакет санкцыяў супраць Расеі ўводзіцца ў якасці «адказу на эскалацыю злачыннай вайны Расеі супраць Украіны, асабліва на рашэнне Расеі мэтанакіравана знішчаць насельніцтва і грамадзянскую інфраструктуру, каб паралізаваць краіну ў зімовы час».

Папярэдні, восьмы, пакет санкцыяў супраць Расеі набыў моц 5 снежня. Ён, у прыватнасці, прадугледжвае ўвядзенне гранічнай цаны на расейскую нафту, якая перавозіцца танкерамі.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў