Беларус паскардзіўся на налічаны за 10 гадоў падатак. Каму яшчэ гэта пагражае?


Беларус, які з’ехаў у Польшчу, апублікаваў у Facebook фота паперы ад падатковай інспекцыі з патрабаваннем заплаціць 4 тысячы 316 рублёў 24 капейкі. Столькі мужчыну налічылі за 10 гадоў. У сваім допісе ён напісаў, што гэта падатак на дармаедства, але такога падатка ў Беларусі няма. «Белсат» разбіраўся, якія грошы налічылі нашаму суайчынніку і кім яшчэ можа зацікавіцца падатковая.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Сапраўдны крык душы раздаўся ў эмігранцкай Facebook-суполцы беларусаў у Польшчы. Мужчына напісаў, што з яго патрабуюць падатак на дармаедства за 10 гадоў, і далучыў фота дакументаў, а таксама ліставання ў мэсэнджары з інспектаркай. Тая пыталася, дзе дакладна ён знаходзіцца, калі вернецца ў Беларусь і «хто будзе аплачваць запазычанасць». Напрыканцы яна прыгразіла, што абвесціць даўжніка ў вышук.

У каментарах да допісу мужчына паведаміў, што плаціць не будзе і вяртацца на радзіму бліжэйшым часам не збіраецца. Сам ён апошнія гады не працаваў стала, зарабляў час ад часу, грошы выдаткоўваў толькі на самае неабходнае: ежу і вопратку. Дапамагалі родныя. Мужчына абураецца, што такім жа чынам падаткавікі могуць прыйсці да кожнага, у каго няма афіцыйнага даходу, і спагнаць значную суму.

Ліст ад падатковай інспекцыі, які атрымаў беларус, што жыве ў Польшчы.
Фота: сацсеткі

Спачатку удакладнім, што на самой справе з беларуса патрабуюць не падатак на дармаедства, а падаходны падатак, што вынікае з апублікаванага ім дакументу.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна распавяла «Белсату», што часцей за ўсё падатковыя службы звяртаюць увагу на буйныя пакупкі, гэта, напрыклад, нерухомасць ці аўтамабіль, і тады правяраюць, колькі асоба афіцыйна зарабляе.

«Падатковая шукае людзей, якія атрымліваюць заробак у канверце або займаюцца незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Калі ёсць падставы так лічыць, пачынаецца праверка. На першым этапе асоба не ведае аб тым, што ёю зацікавіліся падаткавікі. Калі на гэтым этапе выявіліся выдаткі, якія перавышаюць даходы, тады асобе паведамляюць аб неабходнасці растлумачыць, адкуль грошы», – сказала Лузгіна.

«Засвяціцца» перад падатковай інспекцыяй лёгка, калі доўгі час афіцыйна не працаваць (гэта акурат выпадак беларуса, які паскардзіўся ў Facebook). Інспектары лічаць, што такая асоба нейкія грошы скульсьці атрымлівае, бо не паветрам жа яна харчуецца.

«За студзень – верасень сёлета праверылі больш за 9 тысяч грамадзянаў, у 2,8 тысячы выяўленыя нестыкоўкі паміж даходамі і расходамі. З іх спагналі 17,5 мільёна рублёў», – паведаміла Настасся Лузгіна.

Яна адзначыла, што бюджэт на наступны год прадугледжвае павелічэнне збораў, то бок можна чакаць, што праверак стане болей. Да таго ж павялічыцца стаўка падатку. Сёлета трэба плаціць 20% ад сумы, што перавышае даход, налета будзе 26%.

Дацэнт, кандыдат эканамічных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна. . Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Суразмоўца «Белсату» супакоіла, што гэты падатак не пагражае беларусам, якія стала жывуць за мяжою і раз-пораз прыязджаюць на радзіму ды штосьці набываюць. У такім выпадку асоба не лічыцца ў Беларусі падатковым рэзідэнтам, таму ніякіх пытанняў ад інспектараў не мусіць быць.

Таксама спакойнымі могуць быць беларусы-вахтавікі. Галоўнае – працаваць у той краіне, якае мае з Беларуссю пагадненне аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання.

«Калі грамадзянін жыве ў Беларусі і працуе вахтавым метадам, напрыклад, дальнабойнікам у літоўскай фірме, ён застаецца падатковым рэзідэнтам Беларусі. Літоўскі працадаўца па поўнай праграме бярэ з яго падаткі.  Тут уступае ў дзеянне пагадненне аб падвойным падаткаабкладанні. Яно абараняе чалавека, і ў Беларусі з яго падаткі не возьмуць», – адзначыла экспертка.

Краіны-ўдзельніцы такіх пагадненняў мусяць абменьвацца інфармацыяй, таму падатковая сама можа пабачыць, што вы працуеце за мяжою і заплацілі там падаткі. Што праўда, складана сказаць, наколькі нармальна цяпер ідзе гэты абмен інфармацыяй. Можа ўзнікнуць сітуацыя, што давядзецца даказваць, што вы афіцыйна працавалі і плацілі падаткі ў іншай краіне, канстатавала Настасся Лузгіна.

Дарэчы, хутка краінаў, дзе беларусам можна працаваць без падвойнага падаткаабкладання, паменее. У кастрычніку Украіна пастанавіла скасаваць адпаведнае пагадненне з Беларуссю. «Белсат» раней паведамляў, што беларускія ўлады і самі збіраюцца адмяніць такія пагадненні з «недружалюбнымі» дзяржавамі, у тым ліку гэта ўсе краіны Еўразвязу.

Hавiны
Улады збіраюцца істотна павысіць падаткі ў Беларусі, а для «дармаедаў» увядуць «падатак на даўгі»
2022.11.20 15:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў