У Мазыры (Гомельская вобласць) затрымалі праваабаронцу і ліквідатара наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Уладзіміра Целепуна. Пра гэта паведаміла «Гомельская Вясна».
Паводле звестак праваабаронцаў, Уладзімір Целяпун застаецца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) у Мазыры. На якіх падставах яго затрымалі «сілавікі» і як гэта адбывалася, невядома.
15 лістапада праваабаронца збіраўся пайсці на прыём да суддзі Канстытуцыйнага суда ў Мазырскі гарвыканкам, але не прыйшоў туды і на сувязь больш не выходзіў.
Уладзімір Целяпун не першы раз спазнае рэпрэсіі з боку рэжыму. У верасні 2022 года яго затрымлівалі за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі ў Facebook» (арт. 19.11 КаАП) і асудзілі на 10 содняў арышту. Падчас судовага паседжання яму выклікалі хуткую дапамогу.
Таксама стала вядома, што на свабоду сёння не выйшаў гомельскі актывіст Васіль Палякоў, якому на пачатку лістапада прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту.
«Сёння яго даставілі ў РАУС, а адтуль ізноў адправілі ў ІЧУ. Гэта азначае, што яго зноў затрымалі або паводле іншай адміністратыўнай справы, або – паводле крымінальнай», – паведаміла «Гомельская Вясна».
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», толькі за кастрычнік 2023 года паводле «пратэставых» крымінальных справаў у Беларусі асудзілі не менш за 45 асобаў. На 16 лістапада ў Беларусі палітычнымі вязнямі афіцыйна прызнаныя 1450 асобаў. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне – 1678 палітзняволеных. Насамрэч іхная колькасць можа быць большая ў некалькі разоў.
Зміцер Міраш belsat.eu