Аналітыкі ЕАБР: Беларусь чакае скачок цэнаў у апошнія месяцы года


Нягледзячы на тое, што гадавая інфляцыя ў Беларусі абнавіла гістарычны мінімум, у кастрычніку ў краіне можа адбыцца рост цэнаў. Такі прагноз агучылі эксперты Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Згодна з паведамленнем ЕАБР, гадавая інфляцыя ў верасні абнавіла гістарычны мінімум і склала ўсяго 2 % гадавых у параўнанні з 2,3 % у жніўні і 2,7 % гадавых у ліпені 2023 года.

Паводле ацэнкі экспертаў, асноўным драйверам зніжэння гадавога росту цэнаў зрабілася запавольванне росту цэнаў на харчовыя тавары (2,4 % у верасні ў параўнанні з 3,4 % гадавых у жніўні).

Але, як паведамляецца, «з кастрычніка 2023 года гадавая інфляцыя паскорыцца ў сілу выхаду з разліку нізкіх паказнікаў верасня 2022 года».

Даследчы цэнтр BEROC таксама даваў прагноз адносна росту цэнаў, на іх думку, ён паскорыцца да 5–7 % у канцы 2023 года, а на пачатку 2024 года можа дасягнуць нават 10 %.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў