Палітык Валерый Цапкала падаў у суд на Еўракамісію за «ўмацаванне ўлады Лукашэнкі»


Колішні кандыдат на прэзідэнта Валерый Цапкала ў сваіх сацсетках паведаміў, што пастанавіў судзіцца з Еўракамісіяй. Палітык абвінаваціў брусельскіх чыноўнікаў ва «ўмацаванні ўлады Лукашэнкі», што прывяло да павелічэння ліку палітвязняў і акупацыі Беларусі Расеяй.

Валерый Цапкала і Аляксандр Лукашэнка ў Парку высокіх тэхналогіяў у Менску. Крыніца: devby.io

Пазоў скіраваны ў Еўрапейскі суд у Люксембургу. Колішні кіраўнік ПВТ і кандыдат на прэзідэнцтва Валерый Цапкала сцвярджае, што сабраў доказы супраць Еўракамісіі на 100 аркушах.

Палітык абвінавачвае брусельскіх чыноўнікаў ва «ўмацаванні ўлады Аляксандра Лукашэнкі», што прывяло да заўважнага павелічэння ліку палітвязняў, палегчыла акупацыю Беларусі Расеяй і паспрыяла размяшчэнню на беларускай тэрыторыі ядравай зброі.

Цапкала ўпэўнены, што Еўракамісія разам з некаторымі краінамі ЕЗ «выкарыстала свой палітычны ўплыў, адміністрацыйныя механізмы і фінансавыя рэсурсы, каб падарваць адзінства дэмакратычнага руху ў Беларусі і дыскрэдытаваць сапраўдных змагароў за свабоду».

Абноўлена
Прысуд Валерыю Цапкалу: 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
2023.04.07 16:21

Акрамя таго, на думку Цапкалы, Еўрапейская камісія «замяніла лідараў, якія карысталіся падтрыманнем беларускага народу, фальшывымі структурамі з невядомымі асобамі». «Яны, на адрозненне ад сотняў тысяч беларусаў, ніколі не рызыкавалі сваім жыццём і свабодаю дзеля дэмакратычных ідэалаў», – сцвярджае ён. І гэтыя асобы, мяркуе пазоўнік, «сталіся фінансавымі бенефіцыярамі ахвяраў і пакутаў мільёнаў беларусаў».

Яшчэ Валерый Цапкала абвінаваціў Еўракамісію ў падтрыманні цэнзуры, праз што беларускія незалежныя медыі «пераўтварыліся ў рупар палітычнай фракцыі, што рэпрэзентуе толькі невялікую частку беларускага грамадства». У выніку «аўдыторыя дзяржаўнай і расейскай прапаганды павялічылася ў дзесяць разоў», а шмат якім беларускім журналістам і блогерам забаранілі «крытыкаваць групу, не звязаную з дэмакратычным рухам». Пры гэтым «заахвочваецца прыніжэнне сапраўдных змагароў за свабоду».

Валерый Цапкала дае прэсавую канферэнцыю пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. 21 траўня 2020 года.
Фота: Белсат

Апошні закід Цапкалы – санкцыйная палітыка, «скіраваная супраць мільёнаў беларусаў, якія выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасці, і спалучаная з пашырэннем гандлёвых сувязяў з кампаніямі пад кантролем рэжыму».

«Мы шчыра спадзяёмся, што суд падыдзе да гэтай справы з належнай сур’ёзнасцю, без перадузятасці да беларусаў як да неразвітай нацыі і прызнаючы, што прынцыпы ЕЗ у галіне правоў чалавека мусяць стасавацца да народу Беларусі як да любой еўрапейскай нацыі», – падсумаваў Валерый Цапкала.

Якія дакладна патрабаванні да Еўракамісіі палітык высунуў у пазове і ці намагаецца ён спагнаць з Бруселю нейкую кампенсацыю, невядома. На пытанне «Белсату» пра мэты судовага разбору Цапкала не адказаў.

Аналітыка
Ці сапраўды беларуская апазіцыя раз’яднаная? Наколькі гэта крытычна для зменаў у Беларусі
2023.09.14 15:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў