«На прадпрыемстве маё прозвішча – як чорная метка». Гісторыя чыгуначніка, якога затрымлівалі на працоўнай змене


Фота, паводле якога затрымалі Аляксандра. Фота з асабістага архіву героя

Аляксандр Новак – гомелец, які працаваў па размеркаванні на чыгунцы ў Віцебску. Менавіта яго жорстка затрымалі проста на працоўным месцы за ўдзел у мітынгу 16 жніўня 2020 года. Доказам удзелу ў масавай акцыі стаўся здымак, на якім нават не бачна твару Аляксандра.

– А за два дні да гэтага адразу пасля сходу ідэолаг прадпрыемства выклікала ўсіх маіх калег, паказвала ім гэты фотаздымак і прасіла пацвердзіць, што гэта я. Я гэта пачуў, пайшоў да яе і сказаў: «Так, гэта я, не трэба больш нікога выклікаць», – прыгадвае падзеі таго часу Аляксандр.

Маладзён распавядае, што ідэолаг прадпрыемства не ўлюбіла яго даўно, бо той меў актыўную грамадзянскую пазіцыю і змагаўся за правы рабочых.

Даведка
Аляксандр Новак. Фота з асабістага архіву героя

– Я лічу, што мяне затрымалі па наводцы гэтай ідэалагіні. Ейны муж – транспартавы пракурор Менску, а затрымлівалі мяне супрацоўнікі транспартавай міліцыі Віцебску, падначаленыя транспартавай пракуратуры Менску. Я быў на гэтак званым тэхналагічным вакне, калі праводзяцца рамонтныя працы на нейкай станцыі ці чыгуначным перагоне. І ў гэты час кожны адказвае за свой участак працы. У мяне была адказнасць за двухбаковую сувязь з месцам працы і дзяжурнымі пераездаў: на пераездах стаяць пуцейныя, яны павінны прапускаць машыны, бо не працуе цягніковая сігналізацыя. Яны звязваюцца праз гэтую сувязь з дзяжурным і павінны прапускаць машыны ў час, як няма цягнікоў паблізу. У момант, калі я выконваў свае працоўныя абавязкі, прыехалі трое супрацоўнікаў і затрымалі мяне.

Аляксандр прыгадвае, што адразу стаў прасіць дазволу апавясціць начальства, каб тое дало нейкую замену на час адсутнасці маладзёна на працы. На што пачуў адказ: «Мы самі звяжамся, прыедуць твае начальнікі замест цябе працаваць».

– Калі я выйшаў на волю праз двое содняў, то даведаўся, што яны афіцыйна нібыта нікога не папярэджвалі. Я пачаў даведвацца, ці была нейкая замена, але ніякай замены не было. Гэта парушэнне бяспекі руху цягнікоў, прычым мэтанакіраванае. Я напісаў скаргу на гэта. На што прыйшлі адпіскі: пракуратура кажа, што яны апавясцілі маё кіраўніцтва, а чыгунка кажа, што ніякіх афіцыйных паведамленняў не было. То бок нікога караць не трэба. Па выніку ўсё звялося да таго, што мне адказалі: апавясцілі неафіцыйна, а паколькі ніякіх здарэнняў не было, то і караць нікога не трэба.

 

Момант затрымання Аляксандра. Відэа прадстаўлена героем матэрыялу

Пасля затрымання стаўленне да хлопца з боку начальства зрабілася невыносным: пачалі ціснуць і даваць працу, якая не ўваходзіла ў службовыя абавязкі Аляксандра. З такімі захадамі хлопец быў катэгарычна не згодны:

– Я адмовіўся і напісаў заяву на звальненне. Бо мне намякнулі наўпрост, што будуць дамагацца майго звальнення праз вымовы, калі я сам не сыду.

На прадпрыемстве, як і ў віцебскім аддзяленні Беларускай чыгункі, прозвішча Аляксандра Новака – як чорная метка. Калегам пагражаюць звальненнем, калі даведаюцца, што тыя падтрымліваюць сувязь з Аляксандрам.

– Адзін з начальнікаў асабіста выклікаў некалькіх асобаў, якіх падазраваў у камунікацыі са мной і ў тым, што яны мне зліваюць інфармацыю. Пагражаў: калі адкрыецца, што мы неяк камунікавалі, то з імі будзе тое ж, што і са мною. Наагул большая частка калег, з якімі я падтрымліваў сувязь пасля звальнення і якія мяне падтрымлівалі, ужо звольніліся. Нехта на ўласнае жаданне, бо ім надакучала атмасфера тэрору, а некаторых прымусілі. Вось такіх людзей было як найменш трое.

Даведка
Фота з асабістага архіву героя

Аляксандр Новак пасля звальнення з’ехаў дадому ў Гомель і пачаў шукаць іншую працу. Але праз некалькі месяцаў да яго прыйшлі з ператрусам паводле заявы таго ідэолага з мінулага месца працы.

– Прыехалі два міліцыянты з Віцебску і адзін з Гомля. Яны паказалі дакумент, падпісаны намеснікам пракурора Віцебскай вобласці, у якім ён санкцыянаваў агляд з адначасовым выманнем, што незаконна, бо тады гэта ўжо ператрус. Пры гэтым не распачалі ніякай крымінальнай справы, усё гэта толькі на падставе заявы ідэалагіні, у якой яна скардзіцца на тое, што ейныя звесткі былі апублікаваныя ў «Чорнай кнізе Віцебскай вобласці», а таксама ёй размалявалі пад’езд крыўднымі надпісамі. Але я ў Віцебску ўжо два месяцы на той момант не жыў.

Аляксандру не далі ніякіх дакументаў пра ператрус і спіс вынятага. А пасля агляду-ператрусу забралі ў РАУС, каб хлопец даў тлумачэнні пра размаляваны пад’езд.

– У выніку праз чатыры дні я ўжо з’ехаў з Беларусі і не збіраюся вяртацца, пакуль не зменіцца ўлада. Але я вярнуся ў любым выпадку, каб тыя, хто арганізоўваў траўлю мяне – на працы, супрацоўнікі пракуратуры, міліцыянты Гомельшчыны і Віцебшчыны, Следчага камітэту, – адказалі перад законам. Я з’ехаў яшчэ і таму, што пісаў вельмі шмат зваротаў: я разумеў, што рана ці позна гэта мне згадаюць і прыйдуць па мяне.

Артыкулы
Фонд беларускай Салідарнасці. Што за год зрабіў BYSOL
2021.08.15 11:23

Падчас пераезду ва Украіну Аляксандру вельмі дапамаглі сваякі, а таксама фонды «BySol» і «ByChange»: як фінансава, так і даўшы магчымасць атрымаць прафесію ў IT.

– Цяпер я ўжо фактычна легалізаваўся ва Украіне. Паколькі мой бацька адсюль, то я маю права на сталы від на жыхарства. Для яго атрымання засталіся невялікія фармальнасці. Я давучваюся на праграміста і хутка ўжо буду, спадзяюся, уладкоўвацца на працу. А на мае звароты з нагоды незаконнага ператрусу і вымання маёй маёмасці мне прыходзяць стандартныя адпіскі, што я не маю права падаваць такіх скаргаў у электронным выглядзе. У адказ на гэта я напісаў скаргу аб прыняцці пракурорскіх захадаў на парушэнне заканадаўства з нагоды таго, што незаконна выпісалі пастанову на агляд без падставаў на тое, што агляд быў праведзены без сведак, што ў мяне незаконна вынялі мабільны тэлефон. Але пры гэтым быў адказ, што гэтыя абставіны не могуць быць прычынаю для правядзення пракурорскай праверкі, бо, як яны выражаюцца, гэта ўсяго толькі маё меркаванне, што такія парушэнні былі.

Інтэрв’ю
«Крыптавалюты будуць папулярныя ў Беларусі, як і VPN». Размова з Андрэем Стрыжаком
2021.08.14 14:28

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў