Аблава ў архіве, разгон скаўтаў і прысуд пенсіянерцы. Навіны рэпрэсіяў за 16 жніўня


«Белсат» вядзе штодзённую хроніку ўціску, які рэжым аказвае на беларусаў. Прыводзім падборку фактаў рэпрэсіяў за 16 жніўня.

Фота: скрыншот CTVBY / YouTube

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі 12 асобаў. Гэта Дзмітрый Празецкі, Таццяна Бізюк, Вадзім Храсько, Анастасія Пакаташкіна, Наталля Жлоба, Ірына Скроб, Уладзімір Якімец, Аляксандр Ігнацюк, Алег Дабрыднеў, Кірыл Балахонаў, Аляксандр Рукойць, Уладзіслаў Ефімовіч.

Праваабаронцам стала вядома, што 15 жніўня ў Жлобіне затрымалі прынамсі некалькі чалавек. Сярод іх завадчанін БМЗ Аляксей Аўдзееў і яго дзяўчына. Удома ў пары, а таксама ў іх бацькоў, адбыліся вобшукі.

Таксама паведамляецца пра масавыя затрыманні ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Супрацоўнікі КДБ затрымалі сама меней 7 чалавек, сярод якіх намеснік дырэктара ў навуцы і загадчыкі аддзелаў.

Hавiны
У Нацыянальным гістарычным архіве затрымалі прынамсі семярых працаўнікоў
2023.08.16 16:02

А ў лесе пад Наваградкам сілавікі разагналі каталіцкі скаўцкі летнік. У прыхільнікаў рэжыму выклікалі пытанні шаўроны ўдзельнікаў летніка. Пасля скаргі прапагандыстаў, улады правялі са скаўтамі «прафілактычную гутарку» і тыя вымушаныя былі пакінуць месца правядзення летніка.

Тры адвакаты не прайшлі пазачарговую атэстацыю. Гэта Сяргей Мядзведзеў, Ларыса Суслікава і Міхаіл Тарасюк. Таксама спыніць ліцэнзію могуць у дачыненні да Марыны Вараб’ёвай і Святланы Пятроўскай.

Стала вядома, што 11 жніўня да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі палітзняволеную 68-гадовую пенсіянерку Наталлю Пятровіч. Яе прызналі вінаватай нібыта ў абразах Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, распальванне варожасці ці варажнечы, закліках да санкцыяў, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім. Яна была затрыманая 19 снежня 2022 году ў сваёй кватэры за каментары.

За «абразы» Лукашэнкі і чыноўнікаў таксама асудзілі бацьку траіх няпоўнагадовых дзяцей з Берасця Алега Пракапчука. Яму прысудзілі адзін год калоніі агульнага рэжыму і штраф у 3700 рублёў. Судовы працэс вёў суддзя Яўген Брэган.

У Менску быў вынесены прысуд 41-гадоваму Віталю Станішэўскаму, абвінавачанаму ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе. Суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла яму адзін год і шэсць месяцаў «хатняй хіміі».

16 жніўня ў Гомлі пачаўся суд аб наёмніцтве, фінансаванні і садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці ў дачыненні да таксіста Дзмітрыя Макеева. Працэс вядзе суддзя Яўген Шаршнёў

Лідарам незалежнага прафсаюзу наваполацкага «Нафтану» выставілі абвінавачанні. Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка абвінавачваюць у публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

А ў Полацку будуць судзіць Мікалая Машарскага, якога абвінавачваюць у «абразе» Лукашэнкі і з неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Раней яго ўжо неаднаразова затрымлівалі.

У Воршы жыхара Барані асудзілі на 15 содняў арышту за выкрыкванне лозунгу «Жыве Беларусь» на вуліцы. Хоць мужчына заявіў, што зрабіў гэта з любові да радзімы, а не ў знак пратэсту супраць улады, суд не паверыў яму.

Сілавікі затрымалі за «татуяванні экстрэмісцкага зместу» інструктара сталічнай аўташколы. Ён «дэманстраваў» іх у грамадскім месцы – у басейне. 

Hавiны
Як караюць за «экстрэмісцкія матэрыялы». Актывісты прааналізавалі сотні пратаколаў
2023.08.16 14:30

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў