Зяленскі патлумачыў, чаму ўлады Украіны не папярэдзілі грамадзянаў аб падрыхтоўцы ўварвання


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю «The Washington Post» заявіў, што калі б улады Украіны папярэдзілі грамадзянаў аб падрыхтоўцы ўварвання загадзя, то Расея захапіла б Украіну за тры дні.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

«Калі б мы пра гэта паведамілі, тады я б губляў 7 мільярдаў долараў на месяц, пачынаючы з кастрычніка мінулага года, і на момант, калі расейцы напалі, яны б нас захапілі за тры дні. Калі б тое адбылося, то ў кастрычніку – не дай Бог, у ацяпляльны сезон – нічога б не засталося. Нашага ўраду не было б, я ўпэўнены на 100 адсоткаў.

Была б палітычная вайна ўнутры краіны, бо мы не ўтрымаліся б на 5–7 мільярдах долараў на месяц. У нас не было сурʼёзных фінансавых праграмаў. На створаным расейцамі рынку быў дэфіцыт энерганосьбітаў. Нам не хапала энергетычных рэсурсаў. Мы б не змаглі выйсці з гэтай сітуацыі, і ў краіне быў бы хаос», – заявіў Зяленскі.

Таксама ў гэтым інтэрв’ю Уладзімір Зяленскі заклікаў краіны Захаду забараніць усім расейцам уезд на сваю тэрыторыю:

«Заходнія краіны могуць увесці забарону на ўезд усіх грамадзянаў РФ у краіны Еўразвязу. Добрыя санкцыі. Я думаю, што яны вельмі добрыя і мірныя. У гэтых санкцыях няма нічога, што адбірала б права на жыццё. Я з самага пачатку сказаў, што лічу найважнейшымі санкцыямі закрыццё межаў, бо яны [расейцы] адбіраюць чужую тэрыторыю. Што ж, няхай жывуць у сваім свеце, пакуль не зменяць сваю філасофію.

Што гэта дасць нам? Гэта адзіны спосаб паўплываць на Пуціна. Бо ў гэтага чалавека няма іншага страху, акрамя страху за сваё жыццё. І ягонае жыццё залежыць ад таго, пагражае яму ягонае насельніцтва ці не. Болей яму нічога не пагражае. Таму калі ягонае насельніцтва будзе ціснуць на ягоныя рашэнні, тады будуць і вынікі. І вайна скончыцца. Гэта вельмі зразумелыя санкцыі, яны вельмі простыя. Справа не ў грошах, не ў газе ці трубах і не ў тым, што зімою ў немцаў не будзе цяпла. Проста закрый межы на год – і пабачыш вынік».

Пазней Зяленскі ўдакладніў свае словы, заявіўшы, што «ёсць людзі, якім сапраўды патрэбная абарона, якіх пераследуюць у Расеі і нават могуць забіць», і яны могуць прэтэндаваць на дапамогу.

Інфаграфіка
Візавае пытанне. Як свет адкрыўся для Украіны і закрываецца для Беларусі і Расеі
2022.08.15 21:23

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў