«Ryanair» адмовіў у пасадцы беларускаму ўцекачу, які меў ляцець з Літвы праз Брытанію


Чытач «Белсату» заяўляе, што меў усе належныя дакументы, і паказвае, што папярэдне пытаў у «Ryanair» і брытанскіх уладаў, ці дадуць яму паляцець з такімі паперамі. Запэўнівалі, што праблемаў не будзе, а ў самалёт не пусцілі.

Самалёты кампаніі «Ryanair»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёты кампаніі «Ryanair».
Фота: Ryanair.com

У чым праблема

Беларускі журналіст, рэжысёр і дакументаліст Мікалай Мамінаў атрымаў у Літве статус уцекача і адмысловы падарожны дакумент уцекача – так званы «жэнеўскі пашпарт». Таксама ён атрымаў пастаянны від на жыхарства ў Літве. Мамінаў збіраўся з сям’ёй паляцець у Іспанію, выбраў рэйс «Ryanair» з Вільні з перасадкай у Злучаным Каралеўстве.

Пасажырам, якія лятуць «з Шэнгену ў Шэнген» і робяць перасадку ў Злучаным Каралеўстве, не патрэбная транзітная віза ў выпадку, калі яны злятаюць у той жа дзень, маюць візу ў пункт прызначэння і дзейныя праязныя дакументы. Знаёмая Мамінава расказала яму, што мела праблемы з пасадкай на рэйс «Ryanair» з перасадкай у Брытаніі праз якраз такое пытанне, але пасля настойлівых спрэчак змагла трапіць на рэйс. Мамінаву вядома пра іншыя выпадкі, калі беларусаў з падобнымі сітуацыямі не пускалі на рэйсы «Ryanair».

Віленскі аэрапорт
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віленскі аэрапорт. Вільня, Літва.
Фота: Ltou.lt

Раней адносна «Ryanair» былі іншыя скандалы з адмовай у абслугоўванні. Летась выявілася, што «Ryanair» сам вырашыў забараніць грамадзянам Расеі ляцець у шэраг краінаў Еўразвязу з краінаў па-за Шэнгенскай зонай, калі яны не маюць віду на жыхарства ў гэтых краінах або візы ад краінаў, што не ў спісе забароны, а візы тыпу C у грамадзянаў Расеі вырашылі не прымаць. Таксама летась стала вядома, што «Ryanair» ладзіў грамадзянам Паўднёвай Афрыкі тэст на веданне мовы афрыкаанс, хоць гэта толькі трэцяя паводле распаўсюду мова краіны і мова, на якой мясцовых прымушалі размаўляць каланісты. Такім тэстам хацелі праверыць, ці не падробленыя пашпарты, і калі чалавек не праходзіў тэст, у пасадцы адмаўлялі.

Таму перад вылетам Мамінаў і ягоная знаёмая загадзя перапытвалі ў онлайн-службы падтрымкі «Ryanair» і ў брытанскай Службы візаў і міграцыі, ці не трэба для палёту транзітная віза. Мамінаў паказвае «Белсату» скрыншоты і раздрукоўкі перапіскі, запісы тэлефанаванняў: запэўнівалі, што не трэба. Запэўнівае, што ў аэрапорце меў пры сабе раздрукоўкі, аднак пытанне пра транзітную візу ў Злучанае Каралеўства нават не ўзнікала.

Аналітыка
«Сталае адчуванне бяздомнасці». Як беларуская грамадзянская супольнасць жыве ў выгнанні
2023.06.14 08:00

Як адмовілі ў паслугах

Мамінаў з жонкай і дзецьмі 13 чэрвеня прыехаў у аэрапорт Вільні, прайшоў на стойку рэгістрацыі і здаў багаж, перапытаў яшчэ раз пра тое, ці прапусцяць яго на рэйс з тым набораў дакументаў, што ён мае. Супрацоўніца аэрапорту не была ўпэўненая: сказала што «шанцы 50/50», можа спатрэбіцца пераправерка. Чаму, Мамінаў з ейных тлумачэнняў не зразумеў.

У залі чакання пасадкі жанчына ў форме з лагатыпам «Ryanair» адмовілася прапускаць сям’ю. Паводле Мамінава, жанчына адмовілася растлумачыць дакладную прычыну і нават адмаўляла сваю датычнасць да «Ryanair» (але супрацоўнік памежнай службы аэрапорту пацвердзіў яму, што жанчына – прадстаўніца «Ryanair»). Таксама яна адмовілася даць пісьмовае пацверджанне адмовы ў пасадцы на рэйс.

Пасадачны квіток Мікалая Мамінава
Пасадачны квіток Мікалая Мамінава. Скрыншот: Мікалай Мамінаў

Жанчына, кажа Мамінаў, не цікавілася наяўнасцю брытанскай транзітнай візы, але сказала, што дакументы «не падыходзяць». Усе дакументы і раздрукоўкі перапісак яе не пераканалі. Яна кансультавалася па тэлефоне з кімсьці, каго назвала «службай кантролю Ryanair», а Мамінаву не дала паразмаўляць з тым чалавекам. Параіла толькі звяртацца са скаргамі ў галоўны офіс «Ryanair» у Дубліне. У аэрапорце Мамінаву расказалі, што «Ryanair» мае нейкую ўласную міграцыйную службу, але онлайн-падтрымка кампаніі гэта абвяргала.

Мамінаў з сям’ёй усё ж трапіў у месца, куды планаваў, але ляцець давялося не з Вільні, а з Коўны, ды таксама самалётам кампаніі «Ryanair». Рэйс быў з перасадкай у краіне Еўразвязу, праблемаў з пасадкай не ўзнікла – але перад пасадкай супрацоўнік «Ryanair» таксама тэлефанаваў камусьці, гэты хтосьці дазволіў пасадку. Некаторыя планы былі сарваныя, квіткі былі даражэйшыя, але, кажа ён, справа не ў фінансах, а ў кепскім стаўленні.

Самалёт кампаніі «Ryanair»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт кампаніі «Ryanair» у віленскім аэрапорце. Вільня, Літва.
Фота: Vilnius-airport.lt

У цэнтральным офісе «Ryanair» на ліст аб вяртанні грошай за прапушчаныя рэйсы Мамінаву пазней адказалі па электроннай пошце, што пачалі разбіральніцтва. Цяпер ён збіраецца падаваць у суд, каб дамагчыся кампенсацыі маральнай шкоды.

Ён тлумачыць, што мог бы і атрымаць транзітную візу, калі б яна была неабходная, ды не стаў рабіць гэтага, бо «Ryanair» і брытанскія ўлады пераканалі яго, што атрымліваць транзітную візу не трэба – ды й віза каштавала б дадатковых грошай.

Гэта законна?

Згодна рэгуляцыі Еўразвязу нумар 261/2004, авіякампанія можа адмовіць у пасадцы, калі ёсць «рэзонныя падставы», як то рызыкі здароўю і бяспецы або неадпаведныя падарожныя дакументы. Пра права перавозніка на нейкую альтэрнатыўную інтэрпрэтацыю заканадаўства аб праязных дакументах у рэгуляцыі не гаворыцца. Аднак згадваецца, што пасажыры маюць права на кампенсацыю, а перавознік абавязаны паказаць пасажыру, якому адмовілі ў пасадцы, дзе той можа пачытаць пра свае правы на кампенсацыю і дапамогу.

Прэс-служба «Ryanair» не дала «Белсату» аператыўны адказ на запыт аб гэткіх адмовах у паслугах.

Абноўлена. Прэс-служба «Ryanair» адказала на запыт «Белсату» 15 лістапада.  Паводле прэс-службы, Мамінаву адмовілі ў пасадцы нібыта таму, што ён не прад’явіў дзейную брытанскую візу, якую Злучанае Каралеўства патрабуе для прылёту. Гэта няпраўда: у шэрагу выпадкаў, у тым ліку ў выпадку Мамінава (транзіт з вылетам у той жа дзень з таго ж аэрапорту пры наяўнасці віду на жыхарства дзяржавы Еўрапейскай эканамічнай прасторы) Злучанае Каралеўства не патрабуе візаў, што прапісана на сайце брытанскага ўраду і ў адказах, якія Мамінаў загадзя атрымаў ад брытанскіх уладаў і ад службы падтрымкі «Ryanair». «Белсат» спытаў «Ryanair», на якой падставе кампанія зрабіла непраўдзівую заяву аб неабходнасці візы – калі з’явіцца адказ, мы дадамо яго ў гэты матэрыял.

Разбор
Беларусам з ВНЖ у Літве рассылаюць анкеты з пытаннямі пра вайну і Крым. За адмову адказваць могуць дэпартаваць
2023.04.27 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў