Хто ўзначальвае рэйтынг «экстрэмісцкіх фармаванняў» у Беларусі?


Беларускі расследавальніцкі цэнтр правёў маніторынг рэестру «экстрэмісцкіх фармаванняў» у Беларусі і выявіў, што больш за палову з іх – гэта тэлеграм-каналы і чаты. Хто яшчэ займае лідарскія пазіцыі ў гэтым рэйтынгу?

Як адзначаюць прадстаўнікі БРЦ, выданне «Зеркало» было 135-м у спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў». 9 чэрвеня адпаведнае рашэнне прыняў МУС Беларусі.

Сярод лідараў у рэйтынгу «экстрэмісцкіх фармаванняў» – тэлеграм-каналы і чаты, яны складаюць 55 %. У спісе, як адзначаюць аўтары рэйтынгу, можна знайсці такі канал, як «Волейбол по выходным».

Другую групу складаюць СМІ – 9 %. Сярод іх ёсць «Белсат», радыё «Свабода», «Флагшток», ужо згаданае вышэй «Зеркало» і іншыя.

Трэцяе месца – у аб’яднанняў і прафсаюзаў: Беларускі незалежны прафсаюз РЭП, Беларуская рада культуры, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя.

Фонды, сайты, грамадскія ініцыятывы, групы ў Facebook, VK і Viber маюць па 4 %. Па 3 % – у YouTube-каналаў і палітычных структураў.

Цікава, што сярод «экстрэмісцкіх фармаванняў» ёсць таксама музычныя гурты – напрыклад, рагачоўскі «Tor Band» (яны ўваходзяць у катэгорыю «Іншае», доля якой – 7 % ад агульнай колькасці «фармаванняў»).

Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» трапіла група «Xinkalik» для «Zello», у якую ўваходзяць 5 чалавек. «Zello» – гэта праграма з функцыяй рацыі для кіроўцаў, якая дазваляе лепш арыентавацца на дарогах.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў