Будуць адбіраць Бібліі і Караны? У Беларусі рыхтуюць рэпрэсіўны закон аб рэлігіі


Рэпрэсіўны закон Беларусі «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» рыхтуюцца яшчэ больш узмацніць жорсткасць. Рэлігійныя арганізацыі сутыкнуцца з новымі абмежаваннямі і кантролем уладаў. Ды і само існаванне свабоды сумлення можа апынуцца пад пагрозай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

15 чэрвеня скончылася грамадскае абмеркаванне прапанаванай уладамі новай рэдакцыі закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Як заяўляе ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, закон змяняюць «з улікам практыкі яго ўжывання», прыводзяць у адпаведнасць з Канстытуцыяй і замацоўваюць «новыя сучасныя падыходы» узаемаадносінаў уладаў з рэлігійнымі арганізацыямі. «Сучасныя падыходы», падобна, узятыя з аналагічных законаў Азербайджану, Казахстану, Кыргызстану, Расеі, Таджыкістану і Узбекістану, якія вывучаліся пры падрыхтоўцы праекту.

Прыняцце закона, запэўнівае Румак, «не пацягне негатыўных сацыяльных, фінансава-эканамічных наступстваў». Аднак Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі (ККББ) заяўляе, што рэлігійныя арганізацыі «могуць сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі пры выкананні некаторых навел прапанаванага законапраекта, што магло б ускладніць дынаміку дзяржаўна-канфесійных адносін у нашай дзяржаве».

Свае крытычныя заўвагі на прававым форуме Беларусі пакінулі таксама Гарадзенская і, мяркуючы па ўсім, Віцебская епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Таксама і сама БПЦ паабяцала накіраваць уладам «свае абгрунтаваныя заўвагі і прапановы». Як адзначае праваслаўны святар Аляксандр Шрамко, нават дзеючы закон «выклікаў крытыку і пратэсты за яго відавочна рэпрэсіўны характар», але і яго рэжыму пасля 2020 года аказалася недастаткова.

Няроўнасць канфесіяў

Па словах Шрамко, дакумент «першапачаткова ставіць розныя рэлігіі і канфесіі ў няроўнае становішча перад законам». Так, у прэамбуле заяўляецца пра «асаблівую ролю» Беларускай праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народу. Тым не менш, адзначае святар, гэтая «асаблівая роля» БПЦ «па сутнасці» нічога не мяняе, бо ў цяперашнім законе ёсць яе «вызначальная роля».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вызвалення, 6 і 6а-комплекс адміністрацыйных будынкаў БПЦ у Менску.
Фота: Белсат

Гарадзенская епархія БПЦ у той жа час заяўляе, што замена словаў паніжае «значэнне праваслаўнага ўплыву на фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народу». І прапануе выкрасліць з фармулёўкі слова «беларуская».

Самае ж галоўнае ў праекце закона, паводле Шрамко, – гэта тое, на што звярнулі асаблівую ўвагу і што падлягае ўзмоцненага кантролю: «Пазабогаслужэбная дзейнасць рэлігійных арганізацый, па сутнасці справы каналы сувязі з грамадствам і ўплыву на яго».

Забаронаў больш, свабоды менш

Праект закона сярод іншага забараняе выкарыстанне ў месцах набажэнстваў любой сімволікі, акрамя рэлігійнай, і дзейнасць рэлігійных арганізацый, накіраванай супраць суверэнітэту Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды. Таксама культавая маёмасць рэлігійных арганізацый не можа выкарыстоўвацца «ў палітычных мэтах, а таксама тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці». Шрамко называе гэта «следствам тых урокаў, што вынес для сябе рэжым падчас пратэстаў 2020 года».

Аналітыка
Нелаяльных больш, чым здаецца. Як рэжым Лукашэнкі праз вайну з новай сілай абрынуўся на цэрквы
2022.08.14 09:00

Разам з тым, падкрэслівае святар, істотна пашыраюцца функцыі ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў. Калі раней яны былі хутчэй кансультатыўнымі, то цяпер ён «становіцца паўнавартасным суб’ектам улады», які надзяляецца правам самастойна прыпыняць дзейнасць рэлігійнай арганізацыі.

Прасцей ліквідаваць, складаней рэгістраваць

З гэтага часу абавязковай умовай стварэння рэспубліканскага рэлігійнага абʼяднання стане дзейнасць не менш за 30 гадоў на тэрыторыі Беларусі хоць бы адной рэлігійнай суполкі, якая ўваходзіць у яго склад, а таксама наяўнасць у складзе абʼяднання не менш за 15 рэлігійных суполак ва ўсіх абласцях і Менску. Раней было дастаткова 20 гадоў і 10 суполак у большасці абласцей.

«Прыняцце новай версіі закона прадугледжвае перарэгістрацыю ўсіх рэлігійных арганізацый на працягу года, і тыя з іх, хто непажаданы ўладам, яе могуць не прайсці», – адзначае Шрамко.

Пры гэтым асабліва падкрэсліваецца, што дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацый «забараняецца». А кіраваць рэлігійнай арганізацыяй цяпер зможа толькі грамадзянін Беларусі, які не мае дачынення «да тэрарыстычнай, экстрэмісцкай дзейнасці» і пастаянна пражывае ў краіне. На думку Шрамко, апошняе накіраванае «супраць тых рэлігійных дзеячаў, якія апынуліся за межамі Беларусі ў выніку рэпрэсій».

Дарэчы, Віцебская епархія БПЦ прапануе дазволіць ачольваць рэлігійныя арганізацыі і расяянам, «улічваючы цесную сувязь брацкіх народаў Беларусі і Расеі».

Акрамя таго, у пералік выпадкаў, пры якіх рэлігійную арганізацыю могуць ліквідаваць, уключаная неадпаведнасць яе дзейнасці асноўных напрамках унутранай і вонкавай палітыкі рэжыму, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Пры гэтым дзейнасць рэлігійнай арганізацыі мусіць адпавядаць напрамкам унутранай і вонкавай палітыкі дзяржавы, што, заяўляюць у Віцебскай епархіі БРЦ, «супярэчыць прынцыпам аддзялення царквы ад дзяржавы і свецкаму характару апошняга».

«Усё гэта ў найлепшых традыцыях беларускага рэжыму, калі пад «няўдзелам у палітыцы» разумеецца палітыка апазіцыйная або незалежная, а вось адпаведнасць дзяржаўнай палітыцы ставіцца нават у абавязак», – лічыць Шрамко.

Кантроль на месцах узмацняецца

Прапануецца ў законе і норма аб стварэнні мясцовымі ўладамі камісіяў па кантролі рэлігійных арганізацыяў, а таксама права правядзення імі адпаведных праверак. Але каталіцкія біскупы неабходнасці ў гэтым не бачаць:

«Незразумела, у чым складаецца настолькі істотнае адрозненне рэлігійнай дзейнасці ад дзейнасці ў галіне культуры, спорту або турызму, што на яе не могуць распаўсюджвацца агульныя для ўсіх нормы, якія рэгулююць кантрольную (наглядную) дзейнасць, і чаму праверкі і маніторынг у сферы рэлігіі мусяць ажыццяўляцца паводле асаблівых правілаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Акрамя таго, у ККББ сумняваюцца ў наяўнасці ў кожным раёне дастатковай колькасці кампетэнтных у рэлігійных пытаннях асобаў. Біскупы лічаць «залішнім і неканструктыўным» права чыноўнікаў «без запрашэння або ўзгаднення» зʼяўляцца на рэлігійныя мерапрыемствы, рэлігійныя абрады або ў нядзельныя школы.

Маліцца? Толькі ў царкве

Праект закона прапануе таксама дазволіць місіянерскую дзейнасць толькі ў будынках і на ўчастках рэлігійных арганізацыяў, у месцах паломніцтва, забараніўшы яе ў тым ліку ў жылых памяшканнях.

«З пераліку дазволеных для місіянерскай пропаведзі месцаў фактычна выключаецца публічная прастора, тэрыторыя іншых не рэлігійных арганізацый, сфера прыватнага ўзаемадзеяння святароў з грамадзянамі і грамадзян паміж сабой, што супярэчыць самому прынцыпу свабоды веравызнанні», – заяўляе Віцебская дыяцэзія.

Кантраляваць больш эфектыўна

Асобна ў дакуменце вылучаюць «рэлігійную асвету». У прыватнасці, падрабязна апісаны парадак стварэння і функцыянавання нядзельных школ і груп асветы для дарослых. Ды і змест праграм рэлігійнай асветы «не павінен супярэчыць ідэалогіі агульнапрызнаных традыцыйных каштоўнасцяў беларускай дзяржавы».

У каталіцкіх біскупаў выклікае асцярогу тое, што нядзельныя школы мусяць стварацца на падставе пісьмовых заяваў бацькоў. Яны не выключаюць, што ў выніку можа зʼявіцца абавязак вядзення пайменных спісаў дзяцей, якія навучаюцца рэлігіі, якія затым могуць патрабаваць чыноўнікі. Гэтае патрабаванне, лічаць у епіскапаце, «цягне за сабой значнае змяненне абʼёму правоў і абавязкаў вернікаў у бок яго абмежавання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. За сустрэчай вернікаў на вуліцы назірае міліцыя ў Менску.
Фота: Белсат

У цэлым, заяўляюць у ККББ, ствараецца сітуацыя, калі «фундаментальнае права на навучанне дзяцей рэлігіі можа быць рэалізаванае толькі за кошт адмовы як дарослых, так і дзяцей ад фундаментальнага права на ананімнасць вернікаў». Ды і прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў пазбаўляюцца права навучання рэлігіі на роднай мове.

Не згодныя ў епіскапаце і з тым, што дакумент не лічыць рэлігійную асвету адукацыйнай дзейнасцю, але пры гэтым патрабуе штогод прадастаўляць мясцовым уладам інфармацыю «аб дзейнасці па рэлігійнай асвеце дзяцей, якія наведваюць нядзельныя рэлігійныя школы ў парадку і складзе, вызначаным Міністэрствам адукацыі».

«Гэта дазволіць больш эфектыўна кантраляваць дзейнасць нядзельных рэлігійных школ рэлігійных арганізацый і ў той жа час размяшчаць звесткамі аб іх фактычнай працы», – заяўляе галоўны чыноўнік па рэлігіі Румак.

Апроч таго, рэлігійным арганізацыям больш нельга арандаваць памяшканні ва ўсіх арганізацый і прадпрымальнікаў, якія займаюцца адукацыйнай дзейнасцю. Раней гэта тычылася толькі дзяржаўных установаў. На думку Гарадзенскай епархіі БПЦ, забарона на арэнду «можа паставіць у цяжкае становішча як сельскія прыходы, так і маладыя гарадскія абшчыны».

Як лічыць святар Шрамко, усё гэта «раскрывае ўсю насцярожанасць рэжыму ў адносінах да любога непадкантрольнага ўплыву на розумы, асабліва моладзі».

Бібліятэкі – без Бібліяў

Акрамя гэтага, «забараняецца распаўсюджванне рэлігійнай літаратуры па-за культавымі будынкамі», як і яе паступленне ў бібліятэкі ўстановаў адукацыі.

«Узнікае пытанне – ці будуць адбывацца канфіскацыі Бібліяў, Каранаў і іншых святых кніг з універсітэцкіх бібліятэк?» – пытаюцца каталіцкія біскупы.

Пры гэтым застаецца шэраг нявырашаных пытанняў. Так, каталіцкія біскупы прапануюць вызваліць святароў і семінарыстаў ад прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Таксама яны хадайнічаюць аб тым, каб мясцовыя органы ўлады маглі вызваляць рэлігійныя арганізацыі ад аплаты паслуг за правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Паказваюць у ККББ на шэраг супярэчнасцяў і неадпаведнасцяў у законапраекце, а таксама на неразуменне яго аўтарамі каталіцкай спецыфікі, што ў выніку прыводзіць да блытаніны, розначытанняў, а то і немагчымасці выконваць названыя патрабаванні. А ў Гарадзенскай дыяцэзіі БПЦ ёсць прэтэнзіі і да фармулёвак, якія ўзятыя «з савецкіх атэістычных дапаможнікаў».

Метадычна шукаць «ворагаў»

У каментары  «Белсату» мадэратар групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч адзначыла, што новая рэдакцыя закона прымаецца, па-першае, для таго, каб узмацніць рэпрэсіі супраць рэлігійных арганізацый, паставіць іх пад большы кантроль і задушыць яшчэ больш іх дзейнасць. Па-другое, яна патрэбная для перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый, якім трэба прайсці праз «ідэалагічнае, палітычнае сіта».

«Гэта дае магчымасць проста на месцах усіх пераправерыць, у тым ліку заснавальнікаў рэлігійных арганізацый, паколькі будуць падавацца спісы. Цяпер беларускі рэжым вельмі любіць розныя спісы. Яны дапамагаюць метадычна шукаць «ворагаў», – лічыць Васілевіч.

Яна таксама не выключае, што падчас падачы дакументаў на перарэгістрацыю можна будзе праверыць тэлефоны святароў і кіраўнікоў рэлігійных арганізацыяў. І ўжо на падставе гэтага «адмаўляць нелаяльным і дапускаць да рэгістрацыі толькі лаяльных», як гэта ўжо адбываецца з грамадскімі абʼяднаннямі і палітычнымі партыямі.

Аналітыка
«Ватыкан ідзе на кампраміс з сіламі зла?», або Што стаіць за палітыкай Папы Францішка ў дачыненні Беларусі
2022.11.08 07:28

Макар Мыш /ММ belsat.eu

Стужка навінаў