Прапаганда не кажа пра стан Лукашэнкі, лекары дапускаюць, што можа быць смяротная хвароба


З’яўленне самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі перад камерамі не дало адказу пра стан ягонага здароўя. Наадварот, апублікаваныя прэсавай службай фота Лукашэнкі пасля апрацавання ў фоташопе выклікалі мноства жартаў. А на відэа бачна, што ён сапраўды хворы і пачуваецца кепска. Тым не менш, афіцыйных каментароў у справе ягонага стану здароўя да гэтага часу няма. «Белсат» сабраў інфармацыю ў медыях пра верагоднае захворванне Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка ўпершыню з 9 траўня з’явіўся ў медыях.
Фота: pul_1 / Telegram

Упершыню пра хваробу Лукашэнкі стала вядома 5 траўня, калі падчас выступу ён ледзь мог гаварыць. Тады зʼявілася інфармацыя, што ў самаабвешчанага кіраўніка краіны быў гібрыдны вірус грыпу Б і бессімптомны Covid. Крыніцы з атачэння Лукашэнкі таксама паведамілі, што грыпам і каронавірусам нібыта перахварэлі ўсе ягоныя блізкія.

Пра тое, што інфекцыя не прайшла бясследна, стала відавочна 9 траўня. У Маскве Лукашэнка выглядаў кепска і не змог прайсці нават некалькі соцень метраў. На руцэ ў яго быў бінт, што магло сведчыць пра пастаўленыя кропельніцы. У той жа дзень Лукашэнка ў Менску нават не змог выступіць з традыцыйнай прамоваю. А пасля гэтага самаабвешчаны кіраўнік краіны знік да 15 траўня.

Фота Лукашэнкі з цэнтральнага каманднага пункту ВПС і войскаў СПА апублікавала ягоная прэсавая служба. Адзін з фотаздымкаў быў настолькі моцна апрацаваны ў фоташопе, што Лукашэнка выглядаў нібыта васковая фігура. Пасля таго, як гэты здымак выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве, прэсавая служба выдаліла яго.

Фота Лукашэнкі апрацававалі ў фоташопе, выглядае як васковая фігура
Лукашэнка ў камандным пункце ВПС і войскаў СПА.
Фота: president.gov.by

На відэа з каманднага пункту Лукашэнка выглядае хворым, яму цяжка гаварыць. Відаць, што ў яго моцная задышка.

Пры гэтым афіцыйнай інфармацыі пра стан ягонага здароўя дагэтуль няма. Telegram-канал «Беларуская выведка» піша, што пасля перанесенага віруснага захворвання ў Лукашэнкі пачаліся ўскладненні на сэрца. Рэсурс піша, што ў яго інфекцыйна-алергічны міякардыт на фоне перанесенай віруснай інфекцыі.

«Дыягназ быў пастаўлены праз нязначныя змены на кардыяграме і наяўнасці С-бялку ў крыві і іншых змененых параметрах крыві. Прызначанае лячэнне і пасцельны рэжым», – піша рэсурс.

Студыя «Белсат»
У Лукашэнкі смяротная хвароба? Што хавае прэс-служба дыктатара? Вечаровы эфір за 15 траўня
2023.05.15 21:29

Аляксандр Дуда, доктар медычных навук, прафесар, загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў Нацыянальнага ўніверсітэту здароўя імя П. Л. Шупіка ў Кіеве, у размове з «Белсатам» кажа, што сапраўды, каронавірус і грып даюць ускладненні на сэрцавую цягліцу, і такое захворванне сустракаецца даволі часта.

«Карэктна ўвогуле казаць пра інфекцыйна-алергічны міякардыт тады, калі ёсць падставы. Трэба, каб была знятая кардыяграма. Таксама калі мы кажам пра ўскладненне, то трэба ведаць, а ці было ўвогуле і асноўнае захворванне. Паколькі інакш даць адназначны адказ надзвычай складана», – кажа Аляксандр Дуда.

З тым, што без наяўнай інфармацыі паставіць дакладны дыягназ і казаць пра захворванне вельмі складана, пагаджаюцца і медыкі з Telegram-каналу «Белыя халаты». У размове з «Белсатам» дактары адзначаюць, што не маюць інфармацыі пра тое, што адбываецца з Лукашэнкам, хоць і прызнаюць, што выглядае ён сапраўды вельмі кепска.

Украінскі прафесар медыцыны Аляксандр Дуда кажа, што інфекцыйна-алергічны міякардыт –  даволі складанае захворванне. Гэта слабасць, праблемы пры хадзе, нарастае задышка.

«Міякардыт падзяляецца на ачаговы і дыфузны. Ачаговы – калі праблема з усёй сэрцавай цягліцай, а пры дыфузным – праблемы з некаторымі зонамі. Праблема міякардыту ў тым, што нават калі маем дыфузны, невялікіх памераў, то паталагічны працэс можа ўцягвацца праводная сістэма. А гэта развіццё блакады сэрца, парушэнне сардэчнага рытму. Трэба ведаць, які міякардыт, бо калі лакальны – то смяротны вынік даволі верагодны», – кажа Аляксандр Дуда.

Меркаванні
Калі Лукашэнка памрэ, ніхто не засмуціцца
2023.05.15 12:10

Доктар таксама кажа, што ён з калегамі глядзеў парад у Маскве і бачыў, што Лукашэнка моцна набраў вагу. У яго перабінтаваны палец, але не вядома, з чым гэта звязана. Гэтая павязка можа быць як і пры побытавай траўме, а можа быць і прыкметаю пастаўленага катэтара. Таксама відавочна, што Лукашэнкавы рухі павольныя, ён кепска перасоўваецца. І калі звяртаўся па дапамогу да Пуціна, было відаць, што яму цяжка хадзіць.

«Лятальнасць пры міякардыце – 1–2 %. Мы бачым своечасовую дыягностыку і своечасовую тэрапію. І ў першую чаргу – гэта нармалізацыя сэрцавага рытму. Калі нармалізаваны гэты паказнік, то мы кантралюем сэрцавую фракцыю выкіду. Калі яна нармальная, то шанец выжыць нашмат большы», – кажа прафесар.

Парад у Маскве на Дзень Перамогі. Аляксандр Лукашэнка сядзеў на трыбунах.
Фота: president.gov.by

Кіраўнік НАУ Павел Латушка ў размове з «Белсатам» кажа, што паводле ягоных крыніцаў, у Лукашэнкі інфекцыйна-алергічнае запаленне міякарду. Інфармацыю пра стан ягонага здароўя цяпер хаваюць.

«Доступ да гэтай інфармацыі вельмі абмежаваны. У атачэнні Лукашэнкі цяпер шмат размоваў пра стан ягонага здароўя. Выказваюцца розныя здагадкі. Гэта, дарэчы, дае вельмі выразны сігнал усяму яго асяроддзю, што калі нават не сёння, то заўтра можа адбыцца ягоная смерць. Бо чалавеку ўжо практычна 69 гадоў, ён стары, выглядае вельмі кепска», – распавядае Павел Латушка.

Эксперты ў эфіры нашага тэлеканалу кажуць, што для прапаганды надзвычай важна было паказаць Лукашэнку, прадэманстраваць, што нібыта ён надалей трымае ўладу. Але насамрэч была прадэманстраваная толькі слабасць рэжыму.

Каментар
Палітолаг Карбалевіч пра з’яўленне Лукашэнкі: Паказвае, што ён усё яшчэ трымае ўладу
2023.05.16 00:30

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў