Беларусь ці Славенія? У Нью-Ёрку пачаліся дэбаты кандыдатаў у Раду Бяспекі ААН


У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку пачаліся дэбаты кандыдатаў на пасаду непастаяннага чальца Рады Бяспекі ААН на 2024-2025 гады. Аб гэтым паведамляе БелТА.

Валянцін Рыбакоў у ААН. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: БелТА / belta.by

16 траўня ў штаб-кватэры Арганізацыі абʼяднаных нацый у Нью-Ёорку пачаліся дэбаты паміж Беларуссю і Славеніяй як кандыдатаў на пасаду непастаяннага чальца Рады Бяспекі ААН на 2024-2025 гады. З боку лукашэнкаўскага рэжыму ў дэбатах удзельнічае пастаянны прадстаўнік РБ пры ААН прадстаўляе Валянцін Рыбакоў, з боку Славеніі – пастаянны прадстаўнік гэтай краіны пры ААН Башцьян Малаврх.

Непасрэдна выбары новай краіны – непастаяннага чальца Рады Бяспекі на 2024-2025 гады адбудуцца ў чэрвені 2023 года. Падчас дэбатаў прадстаўнікі Беларусі і Славеніі абараняюць пазіцыю сваіх дзяржаваў адносна неабходнасці прадстаўніцтва на гэтай пасадзе.

Паведамляецца, што Валянцін Рыбакоў назваў вылучэнне Славеніі ў кандыдаты на пасаду ў Радзе Бяспекі палітычна матываваным і не самастойным. Прадстаўнік Славеніі Башцяьн Малаврх у сваю чаргу абвінаваціў Беларусь у перадузятым стаўленні да агрэсіі Расеі супраць Украіны.

У якасці адказу на абвінавачанні Славеніі Рыбакоў згадаў словы Лукашэнкі, які прызнаў удзел Беларусі ў расейскай «спецыяльнай вайсковай аперацыі», аднак сцвярджае, што «Беларусь нікога не забівае, не пасылае сваіх вайскоўцаў, не парушае свае абавязацельствы». Пры гэтым дыпламат ні словам не ўзгадаў пра тое, што не гледзячы на ўсе абяцанні, праз тэрыторыю Беларусі расейскія войскі ўвайшлі ва Украіну ў лютым 2022 года, з яе ж тэрыторыі наносіліся расейскія ракетныя ўдары, а аэрадромы і вайсковы гарадкі ў Беларусі выкарыстоўваюцца для дыслакацыі расейскіх вайскоўцаў і баявой тэхнікі, у тым ліку самалётаў-носьбітаў аэрабалістычных ракетаў «Кінжал». Не згадваў Рыбакоў і пра пагрозы ўвесці на тэрыторыю Беларусі расейскую ядравую зброю. Затое прадстаўнік РБ у ААН абвінаваціў Славенію у тым, што тая падтрымлівае намаганні Украіны адбіць расейскую вайсковую агрэсію.

«У адпаведнасці з адкрытымі крыніцамі інфармацыі славенскі ўрад перадаў Украіне танкі, баявыя машыны пяхоты, транспартныя сродкі пяхоты, бронетранспарцёры, артылерыю, зенітныя сродкі, супрацьтанкавую зброю, абмундзіраванне», – пералічыў Валянцін Рыбакоў.

Па зместу заяваў Рыбакова можна зрабіць выснову, што гэты дыпламат не бачыць розніцы паміж падтрымкай краіны-агрэсара, якую здзяйсняе Беларусь, і падтрымкай краіны, якая стала ахвярай агрэсіі і абараняе сваю тэрыторыю і сваю незалежнасць, карыстаючыся падтрымкай кааліцыі з некалькіх дзясяткаў дэмакратычных краінаў.

Рыбакоў таксама адзначыў, што Беларусь не баіцца «прайграць на выбарах, разумеючы ўсю маштабнасць антыбеларускай кампаніі».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў