Ёршык, туалетная папера, кручкі для вопраткі: у Беларусі зацвердзілі патрабаванні для прыбіральняў


Сёння набыла моц пастанова міністэрства аховы здароўя, якою зацвярджаюцца «Санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўтрымання і эксплуатацыі тэрыторыяў». У гэтых правілах падрабязна прапісаныя нормы для грамадскіх прыбіральняў. Цяпер у туалетах абавязкова мусяць быць папера, ёршыкі, вадкае мыла, кручкі для вопраткі, на ўнітазах – накладныя сядзенні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Michal Jarmoluk / Pixabay

Нормы для грамадскіх прыбіральняў і раней былі ў заканадаўстве, аднак не такімі шырокімі. Дагэтуль у санітарных правілах не згадваліся ёршыкі, вадкае мыла, накладныя сядзенні на ўнітазах, папяровыя ручнікі або электрасушылкі, туалетная папера, кручкі для вопраткі або сумак, гарачая і халодная вада – цяпер усё гэта абавязкова.

У санітарных нормах пазначана, што прыбіральні мусяць быць у грамадскіх будынках, на АЗС, рынках, у парках (у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу), зонах рэкрэацыі, а таксама ля нестацыянарных аб’ектаў грамадскага харчавання ды гандлю.

«Дапускаецца сумеснае выкарыстанне адной прыбіральні работнікамі ды наведвальнікамі», – гаворыцца ў правілах.

Туалеты мусяць утрымлівацца ў чысціні і прыбірацца мінімальна адзін раз на содні.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў