Пасля абстрэлу Белгараду губернатар інспектаваў горад у куртцы нямецкага вытворцы


Раніцою 16 сакавіка Белгарад, паводле губернатара, быў атакаваны ракетамі сістэмы залпавага агню. У выніку абстрэлу загінулі дзве асобы, трое пацярпелі. Кіраўнік рэгіёну Вячаслаў Гладкоў зладзіў інспекцыю, па горадзе ён перасоўваўся ў куртцы нямецкага брэнда «Jack Wolfskin», сведчаць фота ў Telegram-канале губернатара.

Наступствы абстрэлу Белгараду 16 сакавіка 2024 года.
Фота: belgorod_tg / Telegram

Паводле звестак Вячаслава Гладкова, на падлёце да Белгараду СПА збіла 8 ракетаў рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Вампір». Колькі снарадаў дасягнулі цэляў, не ўдакладняецца.

У выніку абстрэлу загінулі дзве асобы – мужчына і жанчына. Пацярпелых – трое.

«Мужчына ехаў за стырном цяжкавіка, калі ў яго трапіў снарад, пасля гэтага машына ўрэзалася ў пасажырскі аўтобус. Людзі ў ім не пацярпелі. Яшчэ адна жанчына загінула ў гаражным кааператыве, куды яна разам з сынам прыйшла карміць сабак», – напісаў губернатар у сваім Telegram-канале.

Паводле яго, у 22 шматкватэрных дамах выбітыя вокны і шыбы на балконах, пашкоджаныя 106 кватэраў, два сацыяльныя аб’екты, два гаспадарчыя абʼекты, адзін прыватны дом і 64 аўтамабілі.

Заўтра і ў панядзелак у Белгарадзе не будуць працаваць гандлёвыя цэнтры. Акрамя таго, у абласным цэнтры і шэрагу раёнаў скасаваныя заняткі ў школах і каледжах 18 і 19 сакавіка. «Такую ж пастанову будзем рэкамендаваць нашым ВНУ», – паведаміў Гладкоў.

Губернатар праінспектаваў месцы, дзе зафіксаваныя ўдары, разам з кіраўніком рэгіянальнага ўпраўлення МНС і мэрам. На фотаздымках бачна, што на чыноўніку была куртка «Jack Wolfskin» – вытворцы з Нямеччыны, якая ўваходзіць у NATO і дапамагае Украіне ў вайне з Расеяй.

Губернатар Вячаслаў Гладкоў падчас інспекцыі пасля абстрэлу Белгараду. 16 сакавіка 2024 года.
Фота: vvgladkov / Telegram

Раніцою выбухі адбыліся на двух нафтаперапрацоўчых заводах у Самарскай вобласці Расеі. Прадпрыемствы былі атакаваныя дронамі. Цягам тыдня паведамлялася пра ўдары беспілотнікаў па чатыром іншым нафтазаводам у Ніжагародскай, Растоўскай і Калужскай вобласцях, а таксама ў Разані.

Hавiны
Шосты за тыдзень нафтазавод у Расеі атакаваны дронамі
2024.03.16 09:20

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў