Шосты за тыдзень нафтазавод у Расеі атакаваны дронамі


Telegram-каналы «Осторожно, новости» і «Baza» паведамілі пра атаку беспілотнікаў на Самарскую вобласць. Там дроны ўдарылі па нафтаперапрацоўчых заводах у Сызрані і Навакуйбышаўску. Цягам тыдня не менш за тры такіх прадпрыемствы ў Расеі былі пашкоджаныя пасля атакаў беспілотнікаў.

Інцыдэнт адбыўся каля шостай раніцы паводле мясцовага часу. Адзін дрон атакаваў нафтазавод у Сызрані, там пачаўся пажар, агонь ахапіў плошчу ў 500 квадратных метраў. На месцы працуюць аператыўныя службы.

Цэллю некалькіх іншых беспілотнікаў стаўся Навакуйбышаўскі нафтаперапрацоўчы завод. Там таксама адбыўся пажар, яго затушылі праз паўгадзіны.

Мінабароны Расеі пра дроны ў Самарскай вобласці не паведамляла. Таксама няма інфармацыі пра тое, ці моцна прадпрыемствы былі пашкоджаныя. Губернатар Дзмітрый Азараў пацвердзіў удар па двух заводах, сказаў, што «узнік пажар на ўстаноўцы перапрацоўвання нафтапрадуктаў».

Цягам тыдня ў Расеі былі атакаваныя не менш за чатыры нафтазаводы: 12 сакавіка – у Ніжагародскай вобласці, 13 сакавіка – у Разані і Растоўскай вобласці, 15 сакавіка – у Калужскай. Паводле падлікаў агенцыі «Bloomberg», агульная доля гэтых прадпрыемстваў у нафтаперапрацоўчай галіне – 12%.

На гэтым фоне ў Расеі пачало даражэць паліва. Напрыклад, кошт бензіну АІ-95 на пецярбургскай біржы амаль дасягнуў 63 тысячаў рублёў за тону (685 долараў у пераліку), гэта максімум за паўгода. Расейскія эксперты запэўніваюць, што паліва дастаткова, а цэны растуць толькі праз боязь, што ўзнікне дэфіцыт.

Украіна афіцыйна не прызнае датычнасць да атакаў, але крыніцы ў ГУР Мінабароны кажуць, што мэта гэтых аперацыяў – «змяншэнне эканамічнага патэнцыялу Расеі».

Hавiны
У Расеі быў атакаваны чарговы нафтаперапрацоўчы завод
2024.03.15 11:37

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў