«Затрымліваюць не псіхолагаў, затрымліваюць грамадзянаў Беларусі». Гутарым з псіхолагам Наталляй Скібскай


У Беларусі – чарговы віток рэпрэсіяў супраць прафесійнай групы: гэтым разам «няўгоднымі» аказаліся псіхолагі. За адзін дзень, 14 сакавіка, былі затрыманыя не менш за 20 чалавек. Як стала вядома, ад некаторых з адмыслоўцаў патрабавалі выдаць інфармацыю пра кліентаў. 15 сакавіка на старонцы псіхолага Наталлі Скібскай з’явілася заява супольнасці беларускіх псіхолагаў замежжа ў адказ на рэпрэсіі. «Белсат» запытаўся ў спадарыні Наталлі, што вядома пра дэталі справы і якія наступствы яна можа мець для псіхалагічнай дапамогі ўнутры Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Затрымліваюць не псіхолагаў, затрымліваюць грамадзянаў Беларусі»

– Спадарыня Наталля, распавядзіце, калі ласка, ці ёсць нейкія навіны на гэты момант пра затрыманых?

– Як сказана ў нашай заяве, дзеля бяспекі людзей унутры Беларусі мы вырашылі не даваць на гэтую тэму ніякіх каментароў: ні пра колькасць затрыманых, ні тых, каго адпусцілі, не называць імёнаў, абставінаў затрыманняў.

Увогуле, гэта ж усё не пра псіхолагаў. Гэта працяг рэпрэсіяў. І раней затрымлівалі людзей, прыналежных да нейкай прафесіі. Тое самае адбылося цяпер. Таму не варта засяроджвацца на прафесіі. Не трэба падкрэсліваць, што затрымліваюць менавіта псіхолагаў. Затрымліваюць грамадзянаў Беларусі.

– Тэлеграм-канал «Белыя халаты» пісаў, што ў некаторых затрыманых псіхолагаў сілавікі патрабавалі выдаваць інфармацыю пра кліентаў. Ці маюць яны на гэта права?

– Рэч у тым, што яшчэ ўлетку 2022 года былі прынятыя змяненні ў Закон аб псіхалагічнай дапамозе, а ў пачатку гэтага года ён уступіў у моц. Таму можна сказаць, што ўсё гэта планавалася і рыхтавалася. Псіхолаг мог выдаваць таямніцу працы з кліентам і раней, але ў строга вызначаных абставінах. Напрыклад, калі сам чалавек даваў згоду распавядаць пра яго. Ці калі ён планаваў здзейсніць забойства, самазабойства, ці супраць яго здзяйсняліся нейкія злачынныя дзеянні. У выпадку пісьмовага запыту ад органу, якія расследуе крымінальную справу, псіхолаг мог даць інфармацыю, а мог адмовіцца. Цяпер не можа, цяпер ён абавязаны выдаваць інфармацыю. Да таго ж запыт можа быць вусны. Абмежаванняў, што гэта датычыць толькі крымінальнай справы, ужо няма.

Атрымліваецца, што цяпер, калі кліент прыходзіць да псіхолага, ён не можа быць упэўнены, што з псіхолага не запатрабуюць нейкай інфармацыі, што яна не стане вядомай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Shurkin Son / Freepik

«Пастаўлены пад сумнеў давер да псіхолагаў»

– Як у такіх умовах можна працаваць з кліентам, калі не можаш гарантаваць бяспекі?

– Не ведаю як. І гэта жахліва. Бо даверлівыя адносіны з псіхатэрапеўтам – гэта аснова. Улады цяпер яго падрываюць і дыскрэдытуюць нашую прафесію. Гэта вельмі дрэнна паўплывае на ўсіх – і псіхолагаў, і кліентаў. Бо даверу не будзе. Кліент увесь час будзе баяцца, што псіхолаг нешта пра яго распавядзе. Гэта не павінна было адбыцца ў нашай прафесіі. Палажэнне аб канфідэнцыйнасці – гэта аснова, якая ёсць ува ўсіх палажэннях аб псіхатэрапіі. Нават калі псіхолаг бярэ супервізію на кейс кліента, ён павінен зрабіць так, каб асобу кліента было немагчыма выкрыць. Тое, што цяпер робіцца, непрымальна.

– Ці можна чакаць, што людзі ў Беларусі стануць менш звяртацца да псіхолагаў  і ці могуць быць у гэтага наступствы – павелічэнне выпадкаў сур’ёзных псіхалагічных станаў у людзей і да таго падобнае?

– Так, і мы ўжо ведаем такія сітуацыі. Калі змяненні ў закон уступілі ў моц, людзі пачалі казаць, што не будуць звяртацца да псіхолагаў, якія ў Беларусі. Сапраўды, калі ёсць інфармацыя, якую страшна выдаваць, лепш звяртацца да псіхолага за мяжой.

Усё, што адбываецца, кепска паўплывае на псіхалагічны стан людзей. Пастаўлены пад сумнеў давер да нашай прафесіі. Гэта як у дактароў лекі скрасці. Давер – гэта тое, на чым трымаецца нашая праца. Цяпер будзе вельмі складана працаваць.

– Як вы думаеце, чаму пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні псіхолагаў? Ці можна звязаць гэта з тым, што пасля падзеяў 2020 года было шмат прапановаў псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам пратэстаў і пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў?

– Можа быць усё што заўгодна. Могуць звязаць і з гэтым. Але самае галоўнае – гэтая новая хваля рэпрэсіяў не пра псіхолагаў. Ізноў пачалі затрымліваць шмат людзей. Напружанне ў грамадстве расце, і ў тых, хто рэпрэсіямі займаецца, таксама, і яны спрабуюць гэтае напружанне разрадзіць. Гэта сведчыць пра тое, што там унутры адбываецца нешта кепскае.

«Мы думаем над алгарытмам бяспечнай працы ў Беларусі ў новых умовах»

– Ці была сярод псіхолагаў спроба супраціву змяненням у закон?

– Мы абмяркоўвалі ў прафесійным коле. Але што мы маглі зрабіць? Паказальна, што падобныя змены надоечы былі ўнесеныя ў Закон аб псіхалагічнай дапамозе ў Расеі. Там улады нават далей пайшлі. Цяпер псіхолаг у Расеі павінен працаваць у рэчышчы ідэалогіі дзяржавы. Цяпер атрымліваецца, калі ты кажаш, што табе не падабаецца тое, што цяпер адбываецца, пакутуеш ад пачуцця віны ў дачыненні ўкраінцаў, што вайна – жах, і яе не павінна быць, псіхолаг можа адказаць – усё ідзе правільна, бо гэта ж ідэалогія нашай дзяржавы. Гэта жах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

– Ці можна ўжо цяпер штосьці зрабіць, каб уратаваць беларускую псіхалогію, аднавіць давер, бяспеку кліентаў?

– Думкі на гэты конт ёсць. Нам давядзецца рэабілітаваць у вачах грамадства яшчэ адну прафесійную галіну. Але гэта ўжо потым. Цяпер жа я з жахам думаю, як людзі будуць хадзіць да сваіх псіхолагаў. Напрыклад, чалавек, які ўвогуле траўмаваны сваім жыццёвым досведам, наважваецца ісці да псіхолага, а гэта няпроста, і тут атрымліваецца, што ён не можа давяраць. Гэта выклікае новую хвалю трывогі. Людзі ідуць з даверам, пачынаюць працэс лекавання і атрымліваюць зноў тое, што б’е па іх, і рэтраўматызуюцца.

– Ці змогуць цяпер псіхолагі працаваць з кліентамі ананімна?

– Раней дакладна можна было. Нават у звычайнай паліклініцы. Не трэба было даваць пашпартных звестак, нумара тэлефона. Цяпер мы разам з юрыстамі высвятляем, як гэта ўсё выглядае пасля змяненняў закону. Мы хочам абараніць нашых калегаў у Беларусі ды іхных пацыентаў. Мы, напэўна, складзем нейкую інструкцыю, алгарытм, як можна абараніць сябе ў новых умовах. Бо нават пры ананімнай працы застаюцца нейкія сляды: званкі ці паведамленні з тэлефона, сустрэчы ў кабінеце ці ўдома ў псіхолага можна адсачыць. Калі гэта праца онлайн, то адсачыць можна пералік грошай. Мы думаем над тым, што можна зрабіць, каб абараніць людзей.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў