Якое месца і значэнне БНР для беларусаў сёння? У Варшаве пройдзе дыскусія ў Дзень Волі


Дыскусія «105 год заснавання БНР: месца і значэнне гэтай падзеі для беларусаў сёння?» пройдзе 25 сакавіка ў Варшаве. Падзея адбудзецца ў Беларускім моладзевым хабе, на плошчы Канстытуцыі, 6. Пачатак аб 11:00.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

«Усталяванне самастойнай беларускай дзяржавы на пачатку ХХ ст. выглядала як палітычная авантура яе заснавальнікаў ці грунтавалася на моцным нацыянальным руху? Ці сапраўды савецкая Беларусь зрабілася адказам на праект БНР, і ці абавязаныя беларусы сваёй наступнай дзяржаўнасцю заснавальнікам БНР? Якія дасягненні і памылкі палітыкаў БНР можна акрэсліць у перыяд 1918–1922 гг., ці мела гэтая спроба ад пачатку надзею на поспех у тых умовах? На што здатны ўрад у выгнанні, ці параўнальна гэта з цяперашнімі падзеямі? У якім сэнсе сённяшняя Беларусь і беларусы могуць лічыць сябе спадкаемцамі БНР?» – акрэсліваюць пытанні будучай дыскусіі арганізатары.

Удзельнікі дыскусіі:

  • Цімафей Акудовіч – гісторык, грамадскі актывіст, экскурсавод, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» на «Белсаце».
  • Анастасія Ільіна – гісторык, доктарка гуманітарных навук, вядоўца праграмы «Intermarium» на «Белсаце».
  • Аляксей Ластоўскі – сацыёлаг, даследчык гістарычнай памяці, Інстытут «Палітычная сфера».
  • Павел Латушка – намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, кіраўнік НАУ.
  • Андрэй Радаман – гісторык, спецыяліст у галіне права і дзяржаўнасці, грамадскі актывіст.
  • Алесь Смалянчук – гісторык, доктар навук, краязнаўца.

Вядоўца дыскусіі – Павел Баркоўскі, філосаф, грамадскі актывіст.

Анонс
Ужо вядома, хто на Дзень Волі выступіць на канцэрце ў Варшаве
2023.03.14 12:49

Таксама ў Варшаве 25 сакавіка запланаваны марш цэнтральнымі вуліцамі Варшавы. Збор удзельнікаў акцыі на Замкавым пляцы а 13:00. Пасля а 15:00 на плошчы Канстытуцыі пачнецца мітынг-канцэрт. Там выступяць вядомыя беларускія дзеячы, гурты і музыкі:

Atesta, 23:34, Дом сувязі, Lity Taler, Dzieciuki, NRM.by, Сяржук Доўгушаў, Shuma, Пётр Клюеў, Ketevan.

Партнёр імпрэзы «Белсат», 25 сакавіка мы пакажам стрым з варшаўскай акцыі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў