Перажыў абстрэлы, авіяналёты, крадзеж аўта і дыверсіі. Як працуе журналіст Сяргей Марчык у зоне баявых дзеянняў


Пра жыццё на вайне Belsat.eu паразмаўляў з журналістам Сяргеем Марчыкам, які працуе ў зоне баявых дзеянняў каля Кіева.

Сяргей Марчык.
Фота: Inbornmedia House / Facebook

Прыбыццё ў горад пад абстрэламі

Журналіст і дакументаліст Сяргей Марчык апынуўся ва Украіне ў першыя дні вайны. Першапачаткова ён рыхтаваўся ехаць на Данбас на заданне варшаўскай рэдакцыі «TVP World», але агрэсіўнае ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну змяніла планы. Разам з двума польскімі калегамі ён атрымаў інфармацыю, што ў Васількове каля Кіева мясцовым жаўнерам удалося збіць расейскі самалёт і захапіць у палон экіпаж, які саскочыў з самалёта на парашутах. Каб праверыць інфармацыю, трое журналістаў рушылі ў гэтае мястэчка на паўднёвым захадзе ад украінскай сталіцы. У Васількове размяшчаецца вайсковы аэрадром, таму расейская авіяцыя з самога пачатку вайны бамбавала паселішча. Захоп Васількова адкрыў бы дарогу на Кіеў. Калі журналісцкая група дабралася да гораду, там ішлі моцныя баі.

«Заязджаць у горад у той момант не было добрай ідэяй, бо наўкол былі патрулі, нас маглі затрымаць, маглі палічыць, што мы дыверсанты, – кажа Сяргей Марчык. – Мы ехалі ўслед за паліцэйскімі патрулямі, якія, як мы меркавалі, таксама рухаліся на месца, дзе разбіўся самалёт. Патрулі спыніліся каля аднаго з адміністрацыйных будынкаў. Мы таксама затрымаліся і вырашылі запытацца, як справы і дзе тут разбіўся самалёт».

Васількоў, Украіна.
Фота: siarhei_marchyk / Instagram

Аказалася, што ў гэтым гмаху месціўся штаб Васількоўскай самаабароны. Калі журналісты запыталіся пра збіты самалёт, то ў штабе ўстрывожыліся, бо збіццё адбылося зусім нядаўна, і пра гэта тэарэтычна ніхто не мог ведаць. «Нам сказалі, што мы можам быць расейскімі шпіёнамі. Яны нас спакавалі ў цёмны пакой. Маіх калег раздзелі да майткоў – мяне чамусьці не распранулі. Вытраслі ўсё, што ў нас было: дыскі, карты памяці, камеры…» – распавёў Сяргей.

Журналістаў правяралі вельмі доўга і ўрэшце выпусцілі з пакою. Аднак, загадалі заставацца на месцы да раніцы і пачакаць прадстаўнікоў контрвыведкі, якія мелі вынесці канчатковае рашэнне.

Знікненне аўта

Сяргей, які выйшаў папаліць, заўважыў, што знік ягоны мікрааўтобус, якім ён прыехаў з Варшавы. Дакументаліста супакоілі: магчыма, аўтамабіль адагналі ў бяспечнае месца і заўтра, імаверна, аддадуць.

Сяргей разам з калегамі пераначаваў у сутарэннях штабу, дзе зладзілі імправізаванае бамбасховішча. Людзі спалі хто на чым: на ссунутых крэслах ды сталах з кабінетаў. На наступны дзень прыехала контрвыведка, праверыла журналістаў ды вызваліла іх. У самаабароне рэпарцёрам вярнулі ўсе рэчы, але ключоў ад аўта не аказалася. На пытанне пра мікрааўтобус – развялі рукамі.

Вяртанне ў Васількоў

Тым часам пачалася новая атака акупацыйных расейскіх войскаў. У мікрааўтобусе засталася частка апаратуры. Тройцы рэпарцёраў нічога не заставалася, як змірыцца. Хутка іх забралі польскія калегі ды завезлі ў мястэчка Белая Царква, дзе тыя спрабавалі працягваць працу.

Васількоў, Украіна.
Фота: siarhei_marchyk / Instagram

«Два разы нас, праўда, паклалі тварам у зямлю. Адзін раз да нас у гатэль выклікалі групу захопу, якая правярала, хто мы такія, пакуль мы ляжалі распластаныя на падлозе. Другі раз я паехаў з калегамі на вакзал даведацца, як яны могуць выехаць у Львоў, і там нас таксама затрымала група захопу. Я прыйшоў да высновы, што праца з камерай падчас вайны на вачах у людзей, якія цябе не ведаюць, будзе ўвесь час суправаджацца такімі акцыямі. Я не маю ніякіх прэтэнзіяў, бо гэта іхная праца», – адзначыў журналіст.

Праз некалькі дзён Сяргей атрымаў тэлефонны званок з Васількова. На вялікае здзіўленне Сяргея, які неаднойчы працаваў ужо ў зонах ваенных канфліктаў і быў прызвычаены да розных неспадзяванак лёсу, яму паведамілі, што прадстаўнікі самаабароны знайшлі ягоны мікрааўтобус і злавілі злодзея, які прысвоіў аўта. Карэспандэнт вельмі абрадаваўся і вярнуўся ў Васількоў. Праўда, аказалася, што з аўта былі знятыя польскія рэгістрацыйныя нумары, а павешаныя ўкраінскія. Сяргей не мог ездзіць на мікрааўтобусе са сваймі польскімі дакументамі, бо інакш яго зноў маглі б прыняць за шпіёна або дыверсанта. Давялося застацца ў Васількове, дзе Сяргей пачаў збіраць матэрыял для будучай дакументальнай стужкі.

Паводле дакументаліста, у наваколлі арудуюць марадзёры, якія абчышчаюць пакінутыя кватэры. Гэтым тлумачыцца такая пільнасць і насцярожанасць да незнаёмцаў з боку мясцовых.

Джавеліна

У адну з начэй журналіст з мясцовымі добраахвотнікамі паехаў да разбамбаванага шматкватэрнага дому, каб праверыць, ці не патрэбная каму дапамога. На месцы высветлілася, што ўсе паверхі дому былі выпаленыя, і калі нехта там і быў, то проста не меў шанцаў выжыць.

У тую ж самую ноч з Сяргеем здарылася адна з самых прыгожых гісторый, якую ён перажыў у Васількове, – гэта дапамога маладой жанчыне, якая мусіла нараджаць. Ніводная хуткая не хацела забіраць яе ў шпіталь, бо трываў расейскі абстрэл. Сяргей і іншыя дабравольцы выехалі ёй на дапамогу і даставілі яе ў радзільню. У шпіталі не маглі зразумець, хто ляпае ў вокны, і доўга не адчынялі, але ў выніку зразумелі, што адбываецца. У апошні момант, калі цяжарная выходзіла з машыны, мясцовасць асвяціла расейская сігнальная ракета.

Васількоў, Украіна.
Фота: siarhei_marchyk / Instagram

«Было вельмі прыгожа і адначасова небяспечна, бо расейцы асвятлялі тэрыторыю з нейкай мэтай, – прызнаўся Сяргей. – Але ўсё абышлося. На свет прыйшла здаровая дзяўчынка. Муж жанчыны быў у той момант у Кіеве, дзе першапачаткова і меліся адбыцца роды, у дарагой клініцы. Маладая сям’я выехала са сталіцы, бо там раней пачалася страляніна, і сябар прапанаваў пары пераехаць у Васількоў, у ягоны дом. Парадаксальна, але, уцякаючы ад небяспекі, яны апынуліся пад яшчэ большай пагрозай, бо тую частку Васількова, дзе было іх часовае прыстанішча, узмоцнена абстрэльвалі расейцы».

На наступны дзень Сяргей паехаў адведаць жанчыну і пазнаёміцца з ейным мужам. Калі ён запытаў, як бацькі назавуць дачку, то маці ціха адказала, што Джавелінай – у гонар процітанкавага ракетнага комплексу. Пабачыўшы ж здзіўленне журналіста, патлумачыла, што жартавала, а дачка атрымае імя Лады або Славы: імя Лада падабаецца маладым бацькам, а імем Слава яны хацелі аддаць пашану патрыятычнаму вітанню «Слава Украіне!».

Дыверсанты

Пад Васільковам пастаянна адбываюцца баі, у сам жа горад заходзяць дыверсійныя групы. «Было і такое, што ўязджалі расейскія джыпы, праносіліся па горадзе і стралялі з аўтаматаў навокал. Падчас аднаго з такіх рэйдаў побач з будынкам штабу ад расейскай кулі загінуў мясцовы паліцыянт», – дадаў дакументаліст.

У суседняй школе месціўся адзін з аддзелаў самаабароны, дзе ўкраінскія хлопцы выявілі прарасейскага байца. Той у адказ узарваў дзве гранаты ўсярэдзіне будынку, а потым схапіўся за аўтамат і пачаў страляць па людзях. Пакуль яго абясшкодзілі, ён паспеў забіць чатырох чалавек. Паводле іншых звестак, загінулі 14 чалавек – пра гэта распавёў мясцовы доктар.

Даволі часта паліцыя і самаабарона ловіць у горадзе дыверсантаў, якія раскладаюць меткі для расейскай авіяцыі і ракетаў.

Людское гора

У Васількове і ваколіцах – шмат разбурэнняў: знішчаныя жылыя дамы і прамысловыя ды адміністрацыйныя аб’екты. Шкода наносіцца не толькі людзям, але і прыродзе, бо ад падпаленых расейцамі складоў з палівам і нафтай узносяцца магутныя слупы дыму – робіцца цяжка дыхаць, і ўсё пакрываецца слоем копаці.

У вёсцы Калінаўка пад Васільковам Сяргей спаткаў аслупянелага ад шоку мужчыну, які на ўласным падворку знайшоў знявечанае цела сваёй суседкі. Парэшткі жанчыны прынесла выбуховай хваляй. Мужа загінулай не знайшлі, хоць перад расейскім бамбаваннем яны былі ў хаце разам.

Васількоў, Украіна.
Фота: siarhei_marchyk / Instagram

У сяле Мархалеўка журналіст стаў сведкам іншай людской бяды: у дом аднаго з вяскоўцаў трапіла расейская ракета. Суседзі паспяшаліся чым хутчэй разабраць завалы і выцягнулі з-пад іх жывога гаспадара, але ягоным жонцы і дачцэ пашчасціла меней – яны загінулі. Трое іншых жыхароў Мархалеўкі жыўцом згарэлі ў машыне, бо акурат вярнуліся аднекуль аўтам і прыпаркаваліся на вясковай вуліцы за некалькі секундаў да атакі.

«Усё будзе Украіна!»

Разам з тым Сяргей заўважыў: «Нягледзячы ні нашто, дух украінскіх абаронцаў вельмі баявы, вельмі камандны. Яны лічаць, што ўсё неўзабаве хутка закончыцца, і не губляюць пачуцця гумару».

Журналіст падкрэсліў, што жыхары Васількова надзвычай згуртаваныя і зладжаныя ў сваіх дзеяннях, праяўляюць вялікую самаахвярнасць, салідарнасць і адвагу. Да прыкладу, мясцовыя прадпрымальнікі моцна падтрымліваюць самаабарону, нярэдка ахвяруючы на патрэбы жаўнераў цэлыя крамы з усім змесцівам. У працу самаабароны ўключыліся нават пажылыя людзі, яны гатуюць ежу, рыхтуюць кактэйлі Молатава, робяць усё ў меру сваіх сілаў і магчымасцяў.

Фота: siarhei_marchyk / Instagram

Падтрымалі васількоўцаў таксама валанцёры з польскага фонду «Падляскія анёлы» («Podlascy Aniołowie»), якія даставілі ў мястэчка загружаныя пад завязку мікрааўтобус і пазадарожнік з лекамі, сродкамі гігіены і харчамі. Назад у Польшчу яны забралі з сабою групу мясцовых жанчын і дзяцей.

«Я адпрацаваў у Васількове некалькі дзён, але такое ўражанне, што тут я правёў усё жыццё. Але я перакананы, што ўсё будзе Украіна!» – падсумоўвае Сяргей Марчык. Ён спадзяецца, па выніках ягонай працы ў Васількове паўстане дакументальны фільм пра жыццё і барацьбу падчас вайны.

Рэпартажы Сяргея Марчыка для «Белсату»

 

ВШ belsat.eu

Стужка навінаў