У Берліне 16 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц падпісалі пагадненне аб супрацы ў сферы бяспекі і аб доўгатэрміновым падтрыманні.
Дакумент прадугледжвае, што Нямеччына бярэ на сябе доўгатэрміновыя абавязкі адносна падтрымання Украіны ў сферы бяспекі.
Оляф Шольц у сваім допісе ў X назваў гэтае пагадненне гістарычным крокам.
«Нямеччына працягне падтрымліваць Украіну перад абліччам расейскай захопніцкай вайны», – падкрэсліў ён.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны, гэтай «беспрэцэдэнтнай дамовай» Берлін пацвярджае непахіснае падтрыманне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах 1991 года.
Пагадненне разлічанае на 10 гадоў. У дакуменце зафіксавана, што ў 2024 годзе Нямеччына надасць Украіне вайсковую дапамогу на агульную суму звыш за 7 млрд еўраў і працягне надаваць падтрыманне на працягу ўсяго тэрміну дзеяння дамовы.
Таксама Берлін прызнае важнасць санкцыйнага ціску на РФ і абяцае працягнуць працу на гэтым кірунку, пакуль ідзе вайна.
Нагадаем, у студзені Украіна падпісала пагадненне аб бяспецы з Вялікай Брытаніяй. У Кіеве заявілі, што пагадненне з Брытаніяй стане эталонам для будучых дамоваў аналагічнага зместу.
Глеб Нержын belsat.eu