Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пачала свой візіт у Нямеччыну выступам на Мюнхенскай канферэнцыі ў справе кібербяспекі. Падчас прамовы на форуме беларуская дэмакратычная лідарка падкрэсліла: дыктатары выкарыстоўваюць тэхналогіі для пераследу палітычных апанентаў.
Святлана Ціханоўская распавяла падчас прамовы на Мюнхенскай канферэнцыі ў справе кібербяспекі пра ролю тэхналогіяў у падзеях 2020 года ў Беларусі. Яна звярнулася да тэхналагічных кампаніяў з просьбай падтрымаць беларускую грамадзянскую і медыйную супольнасці.
«Дыктатары вучацца выкарыстоўваць тэхналогіі для пераследу палітычных апанентаў», – падкрэсліла ў сваім выступе Святлана Ціханоўская.
Ціханоўская распавяла пра рэпрэсіі ў дачыненні мірных грамадзянаў за актыўнасць у сеціве, пра спробы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і Расеі пазбавіць людзей доступу да праўдзівай і праверанай інфармацыі. Святлана Ціханоўская адзначыла, што, нягледзячы на затрыманні, зняволенні і засілле прапаганды, беларусы не падтрымліваюць вайны супраць Украіны, не падтрымліваюць і дзеянняў лукашэнкаўскага рэжыму.
Удзел у мюнхенскім форуме, прысвечаным кібербяспецы, бяруць больш за 700 палітыкаў, экспертаў і прадстаўнікоў тэхналагічнага сектару. Канферэнцыя ладзіцца пры падтрыманні «Google», «Meta», «Tiktok», «Lenovo», «Amazon», «Airbus» ды іншых кампаніяў.
Зміцер Міраш belsat.eu