Спроба рэінкарнацыі вобраза міратворцы. Чаму Лукашэнка заклікаў да перамір’я ва Украіне?


Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з замежнымі і беларускімі журналістамі шмат казаў пра вайну ва Украіне, настойліва заклікаў да перамоваў, нават запрасіў у Менск прэзідэнта ЗША і заявіў пра жаданне мець добрыя дачыненні з Захадам. «Белсат» спытаў палітолага Валера Карбалевіча, што стаіць за гэтымі заявамі.

Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ва Уладзівасток, Расея. 13 красавіка 2022 года.
Фота: Юрый Сміцюк / TASS / Forum

«Не лезьце ў наш агарод», – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Менску на прэс-канферэнцыі для замежных і беларускіх журналістаў. Ён сказаў, што хоча мець добрыя дачыненні з Захадам, і дамовіцца можна хутка, «калі вы не будзеце нас гнуць праз калена».

«Не перашкаджайце нам жыць, а мы будзем для вас добрымі партнёрамі. Мы як-небудзь тут самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і палітвязняў не будзе, і іншых праблем у нас не будзе. Вы іх ствараеце», – зваліў Лукашэнка з хворай галавы на здаровую.

Ён таксама заявіў, што спыніць вайну ва Украіне можна хутка, але ані Кіеў, ані Захад не хочуць перамоваў з Расеяй.

«Вы не проста не гатовыя, гэта было б для вас страшнай трагедыяй і катастрофай, калі б цяпер пачаліся мірныя перамовы. Вам патрэбная вайна», – сказаў Лукашэнка, завочна звяртаючыся да Украіны і калектыўнага Захаду.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з замежнымі і беларускімі журналістамі. Менск, Беларусь. 16 лютага 2023 года.
Фота: БелТА

Згадаўшы візіт прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Польшчу, што плануецца на наступным тыдні, Лукашэнка запрасіў яго ў Менск, маўляў, тут недалёка, і прапанаваў зладзіць сустрэчу з Уладзімірам Пуціным:

«Сустрэнемся тут утрох: два агрэсара і міралюбівы прэзідэнт. Чаму не? Дзеля спынення вайны. Вось калі ён хоча спыніць вайну, прымем яго. І вось тут мы ўтрох (я вам гарантую, што Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін сюды прыедзе) сядзем і вырашым усю праблему. Усе праблемы вырашым тут».

Лукашэнка прапанаваў і пашыраны фармат перамоваў, разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, але таксама абавязкова з ягоным уласным удзелам: «Мы хочам міру! Чуеце, амерыканцы? Мы хочам міру. Дайце каманду Зяленскаму і самі сядзьце за стол перамоваў з Пуціным, а я побач сяду».

Кожны бок атрымаў свой мэсідж

Палітолаг Валер Карбалевіч у размове з «Белсатам» звярнуў увагу на супярэчлівасць заяў Лукашэнкі. З аднаго боку: Захад – абсалютнае зло, развязаў вайну ва Украіне, пагражае Беларусі, марыць уцягнуць Беларусь у вайну, учыніў «мяцеж» у 2020 годзе. А з іншага: давайце сябраваць.

«Мы гатовыя да супрацы, калі Захад не будзе ўмешвацца ў нашыя ўнутраныя справы і ўвогуле мы гатовыя быць міратворцамі, зладзіць у Менску перамовы пра мір ва Украіне. Кожны бок атрымаў той мэсідж, які хацеў. Расея – што ён свой, хаўруснік, супраць Захаду, а Захад – што мы гатовыя да супрацы», – сказаў Карбалевіч.

Перамовы пад кіраўніцтвам Лукашэнкі

Суразмоўца «Белсату» адзначыў, што ў прапанове замірыцца з Захадам няма сенсацыі, бо такія спробы былі і раней.

«Быў ліст Уладзіміра Макея на адрас еўрапейскіх палітыкаў, былі спробы перамоваў у Нью-Ёрку на Генеральнай асамблеі ААН, былі сустрэчы Лукашэнкі з заходнімі журналістамі. Ён даволі часта дае інтэрв’ю менавіта заходнім журналістам, спрабуе давесці неяк сваю пазіцыю, таму пытанне пра нармалізацыю, размарожванне стаіць. І нават падчас міграцыйнага крызісу Лукашэнка казаў: давайце дамаўляцца», – падкрэсліў Карбалевіч.

Аналітык мяркуе, што заклікамі да перамоваў Лукашэнка спрабуе рэанімаваць вобраз міратворцы, які з’явіўся пасля Крыму і сустрэчы ў Менску «нармандскай чацвёркі». Аднак сітуацыя з таго часу значна змянілася, і ён цяпер суагрэсар:

«З аднаго боку – спроба прэзентаваць вобраз мудрага, дасведчанага палітыка, палітыка сусветнага маштабу, які гатовы да вырашэння шмат якіх сусветных праблем: вось, у Менску, няхай Байдэн, Пуцін, Зяленскі прыязджаюць ды пад кіраўніцтвам Лукашэнкі будуць вырашаць праблему міра ва Украіне. А з іншага боку – статус міжнароднага ізгоя».

Hавiны
Лукашэнка заявіў аб гатовасці разам з расейцамі ваяваць ва Украіне
2023.02.16 12:16

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў