Вайна не пачалася. Украіна святкуе Дзень адзінства


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвесціў 16 лютага 2022 году Днём адзінства Украіны. Перасцярогі адносна нападу Расеі на Украіну ў гэты дзень не спраўдзіліся.

На НСК «Алімпійскі» разгарнулі вялікі дзяржаўны сцяг Украіны на 200 метраў. Акцыя з вялікім сцягам адбываецца ў рамках святкавання Дня адзінства. Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

У сваім звароце Уладзімір Зяленскі павіншаваў украінцаў з Днём адзінства і зазначыў, што ўсіх грамадзянаў краіны аб’ядноўвае жаданне жыць у міры.

«Сёння важны дзень – дзень яднання нас усіх, мы розныя, рознага ўзросту, полу, з розных гарадоў, рэгіёнаў, розных прафесіяў, розных талентаў, розных ведаў, моваў, рэлігіяў. Але нас аб’ядноўвае адно жаданне – жыць, жыць у міры, жыць шчасліва, адной сям’ёй, з дзецьмі, з бацькамі. І на ўсё гэта мы маем поўнае права, таму што мы ўдома, мы ва Украіне. І ніхто наш дом не будзе любіць так, як мы любім. І толькі мы разам зможам наш дом абараніць. З Днём адзінства, блакітна-жоўтыя», – сказаў Зяленскі.

Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

16 лютага абвешчаны Днём адзінства Украіны згодна з Указам Уладзіміра Зяленскага «з мэтай кансалідацыі ўкраінскага грамадства, узмацнення ягонай устойлівасці ва ўмовах узрастання гібрыдных пагрозаў, інфармацыйна-прапагандысцкага, маральна-псіхалагічнага ціску на грамадскую свядомасць».

«Нам кажуць, што 16 лютага стане днём нападу. Мы зробім яго Днём адзінства. Адпаведны ўказ ужо падпісаны. У гэты дзень мы вывесім нацыянальныя сцягі, апранем блакітна-жоўтыя стужкі і пакажам усяму свету нашае адзінства», – казаў раней Зяленскі ў відэазвароце.

Дзень адзінства будзе святкавацца штогод. У гэты дзень заклікаюць вывешваць нацыянальныя сцягі і прымацоўваць да вопраткі блакітна-жоўтыя стужкі.

Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

На будынках ва ўсіх населеных пунктах Украіны будзе падняты дзяржаўны сцяг, выкананы Дзяржаўны Гімн Украіны, будуць праведзеныя мерапрыемствы, накіраваныя на яднанне і падтрымку Украіны.

Таксама прадугледжанае стварэнне інфармацыйнай платформы стратэгічнай камунікацыі «Uaразом», з дапамогай якой будзе праводзіцца штодзённае інфармаванне насельніцтва пра сітуацыю з бяспекай.

Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

16 лютага ў навучальных установах Украіны пройдуць урокі, прысвечаныя яднанню, а 17-18 лютага ва ўсіх школах Украіны будуць праведзеныя заняткі па медыяпісьменнасці.

Цягам апошніх месяцаў з-за канцэнтрацыі расейскіх войскаў на мяжы з Украінай шмат казалася пра магчымы напад Расеі на Украіну. Паводле дадзеных выведкі, вакол Украіны былі сабраныя 130 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Таксама са спасылкай на выведку, ЗША папярэджвалі, што напад можа адбыцца 15 ці 16 лютага. Злучаныя Штаты, а таксама некаторыя еўрапейскія краіны заклікалі сваіх грамадзянаў пакінуць тэрыторыю Украіны.

Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

У аўторак, 15 лютага, Расея пачала адвод войскаў з мяжы з Украінай, піша ВВС са спасылкай на расейскія дзяржаўныя інфармацыйныя агенцыі ТАСС і РИА Новости і словы афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства абароны РФ Ігара Канашанкава. Аднак пацверджання словам расейскіх вайскоўцаў з незалежных крыніцаў пакуль няма, падкрэслівае ВВС.

Міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба ў адказ на інфармацыю пра адвод войскаў сказаў:

«З Расейскай Федэрацыі раздаюцца розныя заявы, таму ў нас ужо ёсць правіла: пабачым, тады паверым. Убачым адвод – паверым у дээскалацыю».

Чытайце таксама:

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі: Крэмль не спыніць эскалацыю, а Лукашэнка не мае кантролю за расейскімі войскамі

Міністэрства абароны паведаміла пра частковы адвод войскаў ад Украіны

Вайна ў «любы момант», эвакуацыя і перамовы. Хроніка вайсковай эскалацыі

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў