Міністр замежных справаў Уладзімір Макей пракаментаваў падчас прэс-канферэнцыі 16 лютага крымінальную справу палітвязняў Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс, затрыманых у 2021 годзе. Польскія журналісты пацікавіліся ў Макея іхным станам здароўя, піша reform.by.
«Мы атрымалі заклапочанасць польскага боку ў сувязі са станам здароўя гэтых грамадзянаў. Мы запытвалі адпаведныя праваахоўныя органы, дзе яны цяпер, і атрымалі адказы з іх боку, што іхнаму здароўю нічога не пагражае», – сказаў Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Міністр заявіў, што паміж Беларуссю і Польшчай існавалі дамоўленасці па лініі спецслужбаў аб лёсе грамадзянаў, звязаных з Саюзам палякаў Беларусі, і трое з іх былі вызваленыя.
«У такім жа паступальным рэчышчы вырашаўся і лёс дзвюх астатніх асобаў. На жаль, польскі бок вырашыў выкарыстаць гэта ў якасці інфармацыйнай нагоды і шырока разрэкламаваў вызваленне гэтых асобаў у СМІ, паспрабаваў выкарыстаць гэта ў сваіх ідэалагічных мэтах. Два чалавекі, якія застаюцца ў Беларусі, знаходзяцца тут у сувязі з парушэннем адпаведных нормаў беларускага заканадаўства», – заявіў Макей.
Ён паабяцаў разглядаць усе запыты польскага боку наконт Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс «ва ўстаноўленым парадку».
25 сакавіка Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што завяла крымінальную справу ў дачыненні старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў Анджэлікі Борыс ды іншых асобаў. Іх абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»). Нібыта Борыс ды іншыя ладзілі масавыя мерапрыемствы, падчас якіх ушаноўваліся ўдзельнікі антысавецкіх бандфармаванняў, а іхныя дзеянні нібыта пераследавалі мэты рэабілітацыі нацызму і апраўдання генацыду беларускага народу.
Трое фігурантаў «справы палякаў» пагадзіліся на прапанову вызвалення з турмы ўзамен на выезд у Польшчу. Анджэй Пачобут і Анджэліка Борыс не пайшлі на такія ўмовы і застаюцца за кратамі. Яны былі прызнаныя палітвязнямі.
ЗК belsat.eu