У Пружанах з раніцы 16 студзеня няма вады і калі з'явіцца – невядома


Праз аварыю на сетках водазабеспячэння ў Пружанах, дзе жыве каля 18 тысяч чалавек, з раніцы 16 студзеня часова адключана падача вады. Пра гэта паведаміў Пружанскі райвыканкам.

У Пружанах 16 студзеня часова адключылі падачу вады, праз што людзі вымушаны набіраць яе ў вызначаных кропках.
Фота: budniby/ Telegram

«У сувязі з правядзеннем аварыйна-аднаўленчых работ на сетках водазабеспячэння і каналізацыі гораду, пружанскае КУВП «Камунальнік» вымушана часова прыпыніць падачу вады спажыўцам. Пра кропкі падвозу пітной вады насельніцтву будзе паведамлена ў бліжэйшы час», – гаварылася ў паведамленні.

Пазней гарадскія ўлады арганізавалі 11 месцаў з прывозам вады. Аднак раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі «настойліва рэкамендуе кіпяціць ваду, набраную ў месцах падвозу, перад ужываннем», паведамляе мясцовае выданне «Раённыя будні».

Таксама камунальнікі настойліва просяць жыхароў «мінімізаваць выкарыстанне каналізацыі і такім чынам пасадзейнічаць больш хуткаму правядзенню рамонтна-аднаўленчых работ».

Аб тэрмінах аднаўлення падачы вады ў горадзе не паведамляецца.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў