У менскім клубе распылілі пярцовы газ і запалілі дымавую шашку. Ёсць пацярпелыя


У клубе «Crazy Horse» падчас тусоўкі невядомы распыліў пярцовы газ і запаліў дымавую шашку. Прыехалі міліцыя, хуткая дапамога і выратавальнікі, піша «Наша Ніва».

У клубе «Crazy Horse» на Партызанскім праспекце праходзіла тусоўка «Fire Story». Яна стартавала ў 16:00 і павінна была скончыцца ў 22:00. Але, як паведамілі «Нашай Ніве» відавочцы, а палове на 9-ю ў натоўпе распылілі перцавы балончык і запалілі дымавую шашку. На мерапрыемстве, паводле ацэнак удзельнікаў, было некалькі сотняў чалавек.

«Была звычайная тусоўка ў клубе для падлеткаў 15-16 год, – расказвае відавочца. – І пасярод натоўпу нейкі малады чалавек стаў распыляць пярцовы балончык на рабят. Усім стала дрэнна і ўсё памяшканне напоўнілася газам. Арганізатар сказаў, каб мы выходзілі на вуліцу і нічога з сабой не бралі. Адтуль вынеслі 7 чалавек дакладна. Яны страцілі прытомнасць».

«Кагосьці забірала хуткая, кагосьці ахова адкачвала як магла, – дзеліцца яшчэ адна відавочца. – Нашатыр, мочкі вушэй церлі, вадой палівалі і давалі піць, накрывалі цёплым адзеннем, хлопцы распраналіся да голага торсу, каб дзяўчат без прытомнасці сагрэць».

РР belsat.eu

Стужка навінаў