Ціханоўская: «Генацыд беларускага народу не застаўся ў 1940-х гадах, ён адбываецца цяпер»


Абраная прэзідэнтка Беларусі пракаментавала выданне з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры падручнікаў для школаў «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Святлана Ціханоўская.
Фота: tsikhanouskaya/Telegram

«Генацыд беларускага народу не застаўся ў 1940-х гадах – ён адбываецца ў Беларусі цяпер, – зазначыла Святлана Ціханоўская. – У турмах, дзе палітвязняў пазбаўляюць дапамогі, медыкаментаў і рэчаў першай неабходнасці, прысуджаючы на павольную смерць. У РУУС, дзе з людзей сілай выбіваюць паказанні і прымушаюць запісваць пакаянныя відэа. У школах і ўніверсітэтах, дзе людзі ў пагонах падмяняюць адукацыю ідэалогіяй – і ламаюць лёсы маладых людзей за любыя спробы пайсці супраць сістэмы».

Святлана Ціханоўская падкрэслівае, што такія структуры, як ГУБАЗіК і АМАП, якія, здавалася б, павінны абараняць беларусаў, сталі сапраўднымі карнікамі, а «рэжымныя ідэолагі – тымі, хто бязлітасна знішчае нашу нацыянальную ідэнтычнасць».

«У падручніках, напісаных пад дыктоўку прапагандыстаў і сілавікоў, рэжым не раскажа праўды нашым дзецям. Не раскажа пра тое, як дзесяцігоддзямі ліквідоўвае апанентаў Лукашэнкі, – кажа беларуская лідарка. – Не раскажа, як тысячамі саджае беларусаў за краты, каб выкараніць любое іншадумства. Там не раскажуць пра тое, як рэжым некалькі разоў перапісваў нашу гісторыю, забараняў любыя згадкі пра нашых герояў і ўносіў у спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» найлепшыя творы беларускіх аўтараў».

Агляд
Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?
2023.09.26 19:08

Лукашэнка гадамі здраджваў грамадзянам і сваёй краіне дзеля захавання ўлады, кажа Ціханоўская.

«Але нягледзячы на гады прапаганды мы – беларусы – ведаем праўду. Ведаем сваю гісторыю і памятаем сваіх герояў. І нашая задача цяпер – не даць прапагандзе трапіць у галовы нашых дзяцей», – рэзюмуе абраная прэзідэнтка Беларусі.

Hавiны
У першакласнікаў з’явіцца новы прадмет – генацыд беларускага народу
2023.11.15 09:04

У Менску 14 лістапада прэзентавалі падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1–4, 5–9 і 10–11 класаў. Іх выдала Міністэрства адукацыі на ініцыятыву і пры ўдзеле Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Генпракуратура зазначае, што падручнікі падрыхтаваныя з улікам узросту школьнікаў. Дзецям будуць выкладацца звесткі пра знішчаныя «нацыстамі ды іхнымі памагатымі» паселішчы на тэрыторыі БССР, а таксама звесткі пра карныя аперацыі нацыстаў, лагеры смерці. Таксама ў падручнікі залучаная інфармацыя «пра калабарацыяністаў, якія дзеялі на тэрыторыі рэспублікі ў гады ВАВ». Асобныя раздзелы падручнікаў апавядаюць пра подзвіг беларускага народу, у тым ліку дзяцей, у гады вайны.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў