Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна паведаміў «Белсату», што беларусы па-ранейшаму змогуць атрымаць некалькі відаў польскіх візаў, але добрага рашэння ў працэсах выдачы візаў праз візавыя цэнтры яшчэ няма.
Ад 19 верасня Польшча, Літва, Латвія і Эстонія абмяжуюць уезд расейцаў з шэнгенскімі візамі. Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна расказаў «Белсату», што Польшча перастане выдаваць расейцам амаль усе віды візаў, але ёсць выключэнні. Будуць выдаваць наступныя візы:
Грамадзяне Беларусі змогуць атрымаць ад Польшчы візы ў тых самых выпадках, а таксама візы даступныя тым беларусам, якія цяпер працуюць у Польшчы, кажа Ясіна.
Цяпер беларусы могуць падаваць заявы на польскія візы для працы, бізнесу і навучання, гуманітарныя візы і візы паводле «карты паляка» (па турыстычны «шэнген» трэба звяртацца да іншых краінаў). Але беларусы маюць з гэтым праблемы: наракаюць, што практычна немагчыма запісацца на падачу дакументаў, бо адзіны візавы цэнтр «VFS Global» не ў стане арганізаваць стабільнай і даступнай магчымасці рэгістрацыі. Два тыдні таму МЗС Польшчы казала, што праз два тыдні праблему развяжуць – але яна застаецца.
Ясіна папрасіў прабачэння ў беларусаў: праз дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праблему пакуль не ўдаецца вырашыць. У Беларусі застаецца ўсяго некалькі польскіх консулаў, у іх мала сілаў, каб апрацаваць столькі дакументаў. Польшча шукае лепшых рашэнняў і спрабуе палепшыць працу візавых цэнтраў, але абмежаваная беларускімі законамі.
Прэс-сакратар МЗС Польшчы спадзяецца, што сітуацыю змогуць змяніць у бліжэйшыя месяцы. Аб прагрэсе абяцаюць інфармаваць.
Тым часам у Еўрапарламенце прапанавалі забараніць выдаваць візы беларускім і расейскім вайскоўцам і чыноўнікам – але не ідзецца пра забарону на візы для ўсіх беларусаў або беларускіх турыстаў, таксама не абмяркоўваецца абмежаванне дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Еўразвязе.
З верасня 2020 года да траўня 2022-га беларусам выдалі каля 650 тысяч шэнгенскіх візаў, і больш за палову, 340 тысяч візаў, выдала Польшча.
Алесь Наваборскі belsat.eu