«А ў папугаях я значна даўжэйшы!»

Нармальны беларус верыць дзяржаве. Ну, не заўжды, вядома. Раз на пяць гадоў ягоная вера праходзіць выпрабаванне на трываласць. Так адбываецца ў тыя самыя моманты, калі ён сам, ягоныя блізкія, калегі з працы, сябры, сябры сяброў галасуюць на выбарах за аднаго кандыдата, а ўпэўнена і нават разгромна перамагае іншы. І тады вера беларуса вагаецца, і ён не пагаджаецца ды нават выкарыстоўвае даступную яму ненарматыўную лексіку, каб выказаць увесь спектр эмоцыяў. Маўляў, як жа так?!

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але ў астатнім вера сур’ёзным выпрабаванням не падлягае, і калі Белстат кажа з тэлевізара, што інфляцыя ў краіне 3 %, значыць – 3: навошта гэтым сурʼёзным цёткам падманваць насельніцтва?

Але потым наш цалкам апалітычны беларус ідзе ў краму і, гледзячы на кошты, адчувае некаторы дысананс. Лічба 3 % загараецца дзесьці ўсярэдзіне такім маленькім чырвоным ліхтарыкам, але звонку… звонку ён бачыць ніяк не 3, а сапраўдныя 13, а месцамі нават усе 33!

Што ж адбываецца? Чым супакоіць грамадзяніна, які пачынае хвалявацца? Можа, нехта хлусіць?

Парадокс у тым, што не хлусіць у гэтай сітуацыі ніхто. Мы маем справу з «вялікім беларускім статыстычным згібам». Зʼява пакуль мала апісаная ў навуковай літаратуры, аднак будучыя даследнікі, напэўна, пастараюцца і апішуць зʼяву ды атрымаюць за яе адпаведныя званні доктара ці акадэміка, а можа, нават і медалі з ордэнамі.

«Згіб» выглядае так: набор тавараў і паслугаў, паводле якога вымяраецца айчынная, патрыятычная інфляцыя, не супадае з рэальным спажываннем грамадзянаў.

Хтосьці дзесьці калісьці распрацаваў нормы спажывання і ўключыў іх у спажывецкі кошык. Там ёсць больш за 100 кг бульбы або хлебабулачных вырабаў на асобу за год, адна зімовая куртка на 4 гады, адпаведная колькасць шкарпэтак, бюстгальтараў і мабільных тэлефонаў. Ну і паслугі транспарту, сувязі і ЖКГ.

Але ў гэтым пакеце вы не знойдзеце, напрыклад, выдаткаў на ваш адпачынак ці набыццё запчастак для вашай жа «іншамаркі», якая ўжо пажыла нейкі час. Ну і шкарпэткі з майткамі, як і вараная каўбаса ў адпаведнай колькасці, будуць, безумоўна, айчыннымі. Выдаткі на айфоны або самае таннае італьянскае віно ў такім кошыку не закладзеныя.

У выніку, калі знойдзецца грамадзянін, які захоча весці такі лад жыцця, набываць выключна патрыятычную прадукцыю ў вызначаных Белстатам крамах і запіхваць у сябе штодня бульбу ва ўрон апельсінам, то ў яго сапраўды інфляцыя будзе 3 %.

Толькі такія грамадзяне ў прыродзе не сустракаюцца. Гэта рэдкі від, які вымірае. Іх, вядома, паказваюць на БТ, але і ў тэлевізійнікаў вялікія праблемы з пошукамі такіх герояў. Тым больш, што і пахне ад іх не вельмі. Выдаткі на адпаведныя сродкі, каб даглядаць за сабой, у кошыку ніжэйшыя за мінімальна магчымы ўзровень.

«А як у іх?»

А ў іх – па-іншаму. Там статыстычныя ведамствы апытваюць насельніцтва, высвятляюць рэальную карціну спажывання і даследуюць змены коштаў менавіта на яе, а не на нейкі міфічны «набор у вакууме». Таму і параўноўваць лічбы інфляцыі паміж Беларуссю і Францыяй бессэнсоўна.

Ну а што ж курс? Не, не юаня, з ім усё ў парадку. Курс долара, які сабраўся некуды далей ад «зямных кайданоў», – як ён уплывае на інфляцыю?

Уплывае. Нават у самым айчынным-прыайчынным прадукце – хлебе – абавязкова знойдзецца нейкі імпартны дадатак, якая дазваляе хлебу не залежвацца або не чарсцвець хутка. Яго, як на злосць, не робяць у Беларусі (гэта прадукты сурʼёзных імпартных канцэрнаў), і ён, вядома, будзе даражэць і цягнуць уверх сам хлеб.

Працэс гэты няхуткі, але абавязковы. Так што абяцанні, у тым ліку і ўраду, што інфляцыя з сённяшніх 3 % падскочыць да 8 % восенню, маюць пад сабою падставы. Гэта адчуюць усе.

Але 3,2 рубля за 1 долар – гэта ўжо 18 % дэвальвацыі рубля за паўгода. А ва ўсходніх суседзяў ужо і 100 рублёў за 1 долар было, а значыць, калі вам пакуль не хочацца праводзіць над самім сабой сацыяльныя эксперыменты і жыць «паводле Белстату», то вашая асабістая інфляцыя, відавочна, будзе бліжэйшаю да 18, а не да 8 %. І добра, калі толькі 18 % абыдзецца.

Ёсць у іх там, у Белстаце, яшчэ адзін паказнік – беспрацоўе. Афіцыйна ў нас менш за 0,1 % грамадзянаў, якія не маюць магчымасці працаўладкавацца, гэта крыху менш за 5 тысяч чалавек – сацыялізм вярнуўся. Рэальна ж іх больш за 170 тысячаў. І Белстат неахвотна фіксуе гэтую лічбу, сціпла называючы яе «паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы».

Вось і з інфляцыяй варта было б зрабіць гэтак жа – дадаць нейкі яшчэ прыметнік, азначэнне і ўсё-ткі мераць тэмпературу, якой звычайныя грамадзяне маглі б давяраць…

Але ёсць небяспека, што рэальныя вымярэнні (і асабліва публікацыя іх вынікаў) могуць мець некаторыя пабочныя эфекты. Бо могуць і зʼявіцца пытанні «чаму так?». Вось і намагаюцца нашыя вымяральнікі пакуль не рызыкаваць, не хваляваць насельніцтва дарма.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў