Акруговы суд Гаагі ў Нідэрландах 17 лістапада вынесе рашэнне ў справе малайзійскага лайнера MH17, збітага на ўсходзе Данецкай вобласці ў 2014 годзе.
Вынясенне прысуду зойме паўдня, паседжанне адбудзецца, імаверна, у другой палове дня, паведамляецца ў афіцыйным Twitter-акаўнце суда.
Абвінавачанымі ў справе праходзяць чатыры асобы: расеец Ігар Гіркін, былы афіцэр ФСБ, які на той час займаў пасаду «міністра абароны» самаабвешчанай ДНР, а таксама трое ягоных падначаленых, расейцы Сяргей Дубінскі і Алег Пулатаў ды ўкраінец Леанід Харчанка.
Паводле версіі следства, усе чацвёра маюць непасрэднае дачыненне да транспартавання і пуску 17 ліпеня 2014 года ракеты з ЗРК «Бук», якой быў збіты пасажырскі «Боінг», што ляцеў рэйсам MH17 з Нідэрландаў у Аўстралію. У выніку крушэння загінулі ўсе 298 чалавек на борце: 283 пасажыры і 15 чальцоў экіпажу.
Абвінавачанне запатрабавала ўсім чацвярым пажыццёвыя тэрміны, аднак ніхто з іх яшчэ не затрыманы.
Міністэрства абароны РФ і іншыя афіцыйныя асобы Расейскай Федэрацыі публічна зняпраўджваюць высновы расследавання і адмаўляюць усялякую датычнасць да катастрофы.
Катастрофа рэйсу MH17 увайшла ў дзясятку найбуйнейшых авіякатастрофаў за ўсю гісторыю і зрабілася найбуйнейшай авіякатастрофай на постсавецкай прасторы.
Алена Рувіна belsat.eu