Расейскі і нямецкі мастак Дзмітрый Урубель памёр 14 жніўня ў Берліне ва ўзросце 62 гадоў. Апошнія два месяцы ён хварэў на каронавірус. Пра ягоную смерць паведаміла журналістка Ксенія Ларына.
Дзмітрый Урубель апошнія два месяцы хварэў на каронавірус, хвароба працякала цяжка, са шпіталізацыяй. 17 ліпеня ягоная жонка, мастачка Вікторыя Цімафеева, напісала ў Facebook, што мужа ўвялі ў штучную кому.
Дзмітрый Урубель вядомы ва ўсім свеце як аўтар графіці на Берлінскай сцяне «Братэрскі пацалунак», ці «Госпадзе! Дапамажы мне выжыць сярод гэтага смяротнага кахання!» з выяваю пацалунку кіраўніка прэзідыума Вярхоўнага савету СССР Леаніда Брэжнева і лідара ГДР Эрыха Гонэкера.
Ён намаляваў графіці ў 1990 годзе на рэштках Берлінскай сцяны. У 2009 годзе графіці змылі з фрагменту Берлінскай сцяны, пасля чаго Урубель аднавіў сваю працу.
З 2010 года мастак жыў у Берліне. Апошнія гады ён займаўся віртуальнымі выставамі.
Алена Рувіна belsat.eu