Малдова выйдзе з Міжпарламенцкай асамблеі СНД


Пра намер Малдовы выйсці з Міжпарламенцкай асамблеі СНД, заявіў спікер парламенту гэтай краіны Ігар Гросу. Ён збіраецца ініцыяваць працэдуру, якая дазволіць «зрабіць першы крок для выхаду з Садружнасці».

Спікер парламенту Малдовы Ігар Гросу
Фота: nokta.md

Ігар Гросу адзначыў, што сваю ініцыятыву ён ужо абмеркаваў з грамадзянамі, парламенцкай фракцыяй партыі «Дзеянне і салідарнасць», а таксама з прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду.

Адпаведны законапраект старшыня парламенту збіраецца падрыхтаваць ужо да наступнага пасяджэння Пастаяннага бюро парламенту краіны.

«Пасля таго, як заснавальніца СНД Расея па-варварску напала на Украіну, гэтая арганізацыя больш не можа называцца супольнасцю. Гэта стане першым крокам для выхаду нашай краіны з СНД, ад якога Малдова аддзеленая геаграфічна пасля выхаду Украіны», – падкрэсліў Ігар Гросу.

«Мы гатовыя аддзяліцца ад крыніцы зла, вайны і беднасці. За трыццаць гадоў мы даказалі, што імкнёмся да росквіту і дэмакратыі і да лепшай будучыні. СНД – арганізацыя, створаная Расеяй на руінах СССР, каб трымаць пад кантролем былыя савецкія рэспублікі. Мы больш не можам заставацца за адным сталом перамоваў з краінай-агрэсарам», – цытуе словы старшыні парламенту Малдовы мясцовае выданне «NewsMaker».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў