Беларускія войскі пераведзены ў гатоўнасць нумар адзін пасля інцыдэнтаў у Бранскай вобласці


Пасля інцыдэнтаў у Бранскай вобласці Расеі 13 траўня беларускія войскі былі пераведзены ў гатоўнасць нумар адзін. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Цэнтральнага каманднага пункта ВПС і войскаў ППА 15 траўня.

Беларускія вайскоўцы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: modmilby / Telegram

«Без вялікіх дакладаў. Давайце паглядзім на тое, што адбываецца вакол нашай краіны, найперш у паветры. Мы вельмі часта абмяркоўваем пытанні бяспекі нашай дзяржавы, асабліва ў паветранай прасторы», – сказаў Лукашэнка.

Беларускія войскі знаходзяцца ў павышанай баявой гатоўнасці ўжо некалькі сутак. Паводле словаў Лукашэнкі, абстаноўка ў Беларусі цяпер «не крытычная, але тым не менш ёсць фактары, якія насцярожваюць».

«Трое сутак пасля падзеяў побач з намі. Я маю на ўвазе ў Бранскай вобласці, калі былі збітыя чатыры паветраныя судны. Мы вымушаны былі на гэта рэагаваць. З тых часоў мы знаходзімся ў больш падвышанай гатовасці – нашыя войскі. Таму мяне цікавіць абстаноўка вакол краіны. І, зразумела, напрамкі і перспектывы развіцця гэтай абстаноўкі. Коратка. Без запалохванняў. Пра тое, што адбываецца і што мы чакаем у кароткатэрміновай перспектыве», – заявіў Лукашэнка.

Варта адзначыць, што афіцыйна расейскія ўлады пацвердзілі падзенне толькі аднаго верталёта ў Бранскай вобласці 13 траўня. Па інфармацыі «Коммерсантъ», у той дзень былі збітыя два самалёты і два верталёты, 9 чалавек загінулі. Яны павінны былі нанесці ракетна-бомбавы ўдары па тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны.

Нагадаем, сёння, 15 траўня, Лукашэнка ўпершыню з’явіўся на публіцы з 9 траўня.

Hавiны
Лукашэнка з’явіўся на публіцы ўпершыню з 9 траўня
2023.05.15 18:20

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў