Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало кіраўніцтву «Yara» петыцыю з подпісамі 83,5 тысячы беларусаў. Усе яны ўсё выступаюць за разрыў кантракту з «Беларуськаліем», паведамляе тэлеграм-канал НАУ.
У пачатку года беларуская дыяспара і стачкам «Беларуськалію» абвясцілі пра пачатак збору подпісаў пад петыцыяй на адрас кампаніі «Yara» з просьбаю разарваць супрацу з беларускім вытворцам калійных угнаенняў да спынення рэпрэсіяў.
Пад дакументам, размешчаным на партале Change.org, пакінулі подпісы больш за 83,5 тысячы асобаў. Петыцыю перадалі на разгляд кіраўніцтву нарвежскай кампаніі.
У суправаджальным лісце, прыкладзеным да петыцыі, аўтары нагадваюць, што ўжо неаднаразова звярталіся да «Yara» з просьбаю перагледзець супрацу з «Беларуськаліем». Адзначаюць, што з улікам рэпрэсіяў супраць страйкаму далейшая праца з беларускаю кампаніяй можа абярнуцца для «Yara» непапраўнымі рэпутацыйнымі стратамі.
У лісце таксама вітаюцца перамовы «Yara» з прадстаўнікамі страйкаму «Беларуськалію», якія прайшлі яшчэ да візіту кіраўніцтва нарвежскай кампаніі ў Беларусь, і выказваецца спадзеў на іх працяг у вызначаным раней фармаце.
Днямі нямецкая кампанія «Helm AG», пакупнік дзесяціадсоткавага гадавога аб’ёму прадукцыі «Горадня Азоту», адмовілася ад супрацы з прадпрыемствам. Прадстаўнікі кампаніі пазначылі, што далейшая супраца магчымая, але толькі пасля ацэнкі выканання ўмоваў аховы працы. Кіраўнік НАУ Павел Латушка заклікаў «Yara» ўзяць прыклад з «Helm AG».
АД, belsat.eu