Затрыманні ў Шчучыне, пераслед за данаты і пастка ГУБАЗіКу. Хроніка рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

Жорсткае затрыманне ўдзельніку пратэсту 2020 году ў Берасці.
Фота: first_frontier / Telegram

Звязаныя з сілавікамі Telegram-каналы паведамілі, што ў Берасці байцы атраду спецназу «Шторм» затрымалі мужчыну за ўдзел у пратэстах 2020 году. Ён нібыта тады кідаў камяні ў міліцыянтаў. Падчас затрымання адзін з сілавікоў стаў каленямі на галаву мужчыны.

ПЦ «Вясна» са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляе, што 15 сакавіка адбыліся затрыманні на прыватным прадпрыемстве «РынаПластык» у Шчучыне. Папярэдне, яны звязаныя з «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў». Колькасць затрыманых і іншыя падрабязнасці высвятляюцца.

У Менску сілавікі затрымалі мужчыну, які пакідаў каментары ў падтрымку Украіны. На «пакаяльным відэа» ад 15 сакавіка ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў каментары ў падтрымку Украіны і наконт прадстаўнікоў улады, а таксама нібыта далучыўся да плана «Перамога» і ініцыятывы «Супраціў». Мяркуючы па відэа сілавікоў, пасля затрымання мужчына быў збіты, зазначаюць праваабаронцы.

Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме вынес прысуд грамадзянцы Украіны Наталлі Захаранка: 9 гадоў зняволення. Жанчыну судзілі паводле артыкулу 358 («Шпіянаж») КК. Вядома, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Наталля рэгулярна ездзіла з Чарнігава ў Мазыр праз Польшчу. Яна перавозіла рэчы, людзей, хатніх гадаванцаў. Беларусы і ўкраінцы ахвотна карысталіся яе паслугамі, бо з лютага 2022 году мяжа з Беларуссю была закрытая. На пачатку ліпеня 2023 году Наталля чарговым разам паехала ў Беларусь і знікла. Пазней аказалася, што яе затрымалі і яна ў СІЗА.

«Наша Ніва» паведамляе, што 19 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе пачнецца разгляд справы маладзечанскага кіроўцы Аляксандра Верасаева. Мужчыну вінавацяць у ахвяраваннях на дапамогу Украіне і на карысць «экстрэмісцкага фармавання». Адметна, што ахвяраванне ў падтрымку «экстрэмісцкага фармавання» мужчына зрабіў да мая 2021 года, калі ў Беларусі ўвогуле не было экстрэмісцкіх фармаванняў. Цяпер мужчыне пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі. Паводле ПЦ «Вясна», агулам у Беларусі за данаты асудзілі ўжо 66 чалавек.

ГУБАЗіК затрымаў настаўніка Аляксандра Шыдлоўскага, якому не спадабалася, што 9-класнік прыйшоў у школу ў вайсковай форме. На «пакаянным відэа» настаўнік таксама кажа, што ён праціўнікам гэтак званага вайскова-патрыятычнага выхавання моладзі ў краіне і «ў цэлым курсу нашай краіны», падтрымлівае Украіну ў змаганні з расейскімі агрэсарамі.

15 сакавіка ў шмат якіх чатах з’явілася паведамленне ад імя дэмакратычных сілаў пра тое, што нібыта быў запушчаны план «Перамога 2.0». Насамрэч гэта быў створаны лукашэнкаўскімі спецслужбамі, каб выявіць іншадумцаў. Увечары звязаны з ГУБАЗіКам тэлеграм-канал паведаміў пра затрыманне начальніка аддзелу піваварнай кампаніі «Крыніца». На відэа, якое знялі сілавікі, мужчына кажа, што сёння ўбачыў у інтэрнэце спасылку план «Перамога 2.0» і націснуў на яе. «І да мяне неўзабаве ў «госці» прыехалі, забралі», – тлумачыць ён.

Hавiны
Адкручвання гаек не будзе. Работнік МУС распавёў аб планах па барацьбе з «экстрэмістамі»
2024.03.14 19:11

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў