«Зведаць сапраўдную дэмакратыю». «Новая Беларусь» збярэ падаткі з беларусаў у эміграцыі


Праект «Новая Беларусь» захацеў сабраць падаткі з беларусаў-эмігрантаў. Эксперымент назвалі спробай лічбавага самакіравання. Да ўдзелу запрашаюць тых, хто цяпер у Польшчы і Літве. Калі тэставанне пройдзе паспяхова, плануецца збіраць такім чынам грошы і з беларусаў, якія засталіся на радзіме. «Белсат» спытаў сузаснавальніка праекту «Новая Беларусь» Яраслава Ліхачэўскага, навошта гэта ўсё, куды пойдуць сабраныя сродкі і як эксперымент дапаможа электроннаму галасаванню на выбарах прэзідэнта ў будучыні.

Платформа «Новая Беларусь» абвесціла эксперымент лічбавага самакіравання.
Фота: «Новая Беларусь»

Праект «Новая Беларусь» распачаў эксперымент лічбавага самакіравання. Першапраходцамі стануць беларусы, якія плацяць падаткі ў Польшчы ды Літве. У гэтых краінах падчас штогадовай падачы дэкларацыяў можна самастойна выбраць, на якія мэты накіраваць частку сваіх падаткаў. Звычайна гэта нейкія дабрачынныя зборы, грамадскія і няўрадавыя арганізацыі.

Ініцыятары апублікавалі падрабязныя гайды для Польшчы і Літвы з тлумачэннямі, як падаць дэкларацыю і пазначыць рэквізіты партнёраў праекту.

«Гэта бясплатна, а што бясплатна, тое прыемна. Мы пастанавілі выкарыстоўваць гэта як асноўны механізм, каб прывабіць больш асобаў», – сказаў «Белсату» IT-прадпрымальнік, сузаснавальнік праекту «Новая Беларусь» Яраслаў Ліхачэўскі.

Hавiны
Новая Беларусь: беларусам прапануюць стварыць свабодную дзяржаву ў смартфоне
2022.12.02 21:04

Падача дэкларацыяў у Літве пачалася тыдзень таму, а ў Польшчы трывае ўжо месяц. IT-адмысловец прызнае, што крыху спазніліся, але ўжо не хацелі пакідаць эксперымент налета:

«Калі б нам усе добрыя ідэі прыходзілі своечасова, імаверна, усё было б зусім інакш. Прыдумалі гэта толькі напярэдадні адкрыцця падачы дэкларацыяў, потым нам яшчэ патрэбны быў нейкі час, каб тэхнічна падрыхтавацца да рэалізацыі. Можна было б раней, аднак, на жаль, як паспелі».

Для тых, хто хоча паўдзельнічаць, але ці ўжо заданаціў некаму, падаўшы дэкларацыю, або толькі пераехаў і яшчэ не мусіць справаздачыцца аб даходах, паабяцалі прыдумаць адмысловы механізм. Часу ёсць да траўня.

Да агульнага бюджэту дойдзе не ўсё

У Літве на тэхнічную падтрымку праекту і аперацыйныя выдаткі партнёра пойдзе 10% сабраных грошай, у Польшчы – ажно 20%. Ліхачэўскі прызнаў, што гэта занадта, і запэўніў: наступным разам будзе лепей:

«У Польшчы мы адкладалі ад пачатку 10% на тэхнічнае суправаджэнне і аперацыйныя выдаткі для партнёраў. Аднак нам быў патрэбны фонд, які мае магчымасць атрымаць пераказ ад падатковай і гэта мусіць быць фонд, які адпавядае пэўным крытэрам. У нашым выпадку гэта FaniMani, яны бяруць 10% сваёй камісіі, як і любы іншы польскі фонд, які такую паслугу надае. Нам давядзецца з гэтым мірыцца».

У Літве ў партнёрах праекту – мясцовая беларуская фундацыя, і там дадатковых 10% не будзе.

«Просты спосаб зведаць дэмакратыю»

Эксперымент зладзілі дзеля таго, каб беларусы адчулі сапраўдную дэмакратыю, кажа Яраслаў Ліхачэўскі. Задума такая: разам сабраць грошы і разам вызначыць, якую праблему развязаць з дапамогаю гэтага бюджэту:

«Асноўная ідэя – зрабіць пілот дэмакратычных працэсаў на ўзроўні самакіравання. Мы падумалі, што ў нас ніколі не было магчымасці паспрабаваць сапраўдную дэмакратыю, уласнымі рукамі пабудаваную, і мы знайшлі найбольш просты спосаб».

Калі рэалізацыя не праваліцца, супольны збор грошай пашыраць на іншыя краіны, а з часам – і на беларусаў у Беларусі: «Калі ў нас гэта атрымаецца, то мы зможам стварыць суцэльны цыкл дэмакратычных працэсаў. Гэта дасць нам шанец вырашаць агульнанацыянальныя праблемы».

Тэставанне электронных выбараў

Суразмоўца «Белсату» распавёў, што ўсе ўдзельнікі эксперыменту атрымаюць спасылкі для далучэння да асобнай суполкі ўнутры мабільнай праграмы «Новая Беларусь». Там будуць чаты, форум. Удзельнікі змогуць прасоўваць прапановы, на што выдаткаваць сабраную скарбонку, прагаласаваць за ўпадабаны варыянт, вызначыцца з тым, як пракантраляваць мэтавае выкарыстанне грошай. Справаздачу пра суму атрыманых пераводаў «Новая Беларусь» дасць. Усё астатняе – самі.

«Мы бы хацелі, каб людзі самі прапанавалі свае праблемы, каб мы не навязвалі. Мы – інжынеры, мы ствараем сістэмы і хочам, каб сістэмы працавалі. А сэнсам гэтыя сістэмы мусяць напаўняць людзі. І мы хочам, каб людзі самі прыйшлі са сваімі ідэямі, што можна было б зрабіць для саміх сябе. Магу ўявіць, што ў беларусаў у Польшчы ёсць актуальныя праблемы з пошукам працы, легалізацыяй, імаверна, адукацыяй, доступам да медыцыны на роднай мове. Упэўнены, што хапае мясцовых праблемаў, якія можна развязаць», – падкрэсліў Ліхачэўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: jannoon028 / Freepik

Тэхналогія галасавання, якую задзейнічаюць падчас эксперыменту, будзе заснаваная на блокчэйне. Праграміст кажа: усё сур’ёзна.

«Мы будуем вялікія інструменты галасавання, якія потым плануем ужыць на агульнанацыянальным узроўні, магчыма, для выбараў у будучы парламент ці тую ж Каардынацыйную раду, калі яна паляціць. Імаверна, гэты інструмент нам спатрэбіцца, каб праводзіць прэзідэнцкія выбары. Цяпер мы будзем карыстацца гэтым механізмам, аднак у маленькім маштабе. Важна, што ўдзельнікі дапамогуць пратэставаць і адпрацаваць інструменты ды працэдуры, якія потым будуць пераносіцца на агульнанацыянальны ўзровень», – адзначыў адмысловец.

Збяруць 5 млн еўраў?

Колькі грошай назбіраецца ў супольны бюджэт, прагназаваць складана, заўважае Ліхачэўскі. Напрыклад, у Польшчы пры ідэальным раскладзе сума можа дасягнуць і некалькіх мільёнаў еўраў:

«Гэта эксперымент, мы нічога не плануем. Гэта будзе залежыць ад таго, колькі асобаў далучыцца. Калі гэта будуць сотні людзей, то – тысячы еўраў. У Польшчы мы ацэньваем аўдыторыю, да якой мы можам «дацягнуцца», у 100 тысяч беларусаў. Вядома, што іх болей. Але калі ўсе 100 тысячаў паўдзельнічаюць, гэта ўжо бюджэт блізу да 5 млн еўраў – дастаткова сур’ёзны бюджэт, на які можна зрабіць нешта адчувальнае».

На сайце «Новай Беларусі» у апісанні эксперыменту пазначана: «У нармальнай дзяржаве ўлада ідзе ад грамадзянскай супольнасці. Менавіта людзі вырашаюць, хто будзе іх рэпрэзентаваць і на што маюць ісці іхныя агульныя грошы. А беларуская супольнасць гатовая да дэмакратыі? Мы перакананыя, што так».

Паглядзім.

Меркаванні
Час быць разам? Пра «Новую Беларусь» Паўла Лібера
2022.12.06 12:32

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў