Савет бяспекі Беларусі выявіў «неабароненыя месцы». Рыхтуюцца новыя надзвычайныя законы


Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч пракаментаваў вынікі маштабнага трэнавання рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, што прайшло на базе Ваеннай акадэміі з 7 да 9 лютага. Пра гэта піша БелТА.

Лукашэнка абраў пераемнікаў Вакульчыка і Церцеля
Аляксандр Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Фота: БелТА

Паводле яго, трэнаванне паказала, што сістэма нацыянальнай бяспекі гатовая да любых рызык і пагрозаў. Але разам з тым «выявіла і так званыя неабароненыя месцы».

«Для таго мы і вучымся, каб своечасова ліквідаваць існыя прабелы, удасканальваць сваю дзейнасць. У выніку гэта дазволіць пазбегнуць памылак у рэагаванні на крытычныя сітуацыі ўжо за межамі навучальных аўдыторыяў», – сказаў Вальфовіч.

Паводле яго, адпаведныя змяненні ўнясуць у нарматыўна-прававую базу ў сферы бяспекі. Агулам жа, заявіў ён, трэнаванне надало «дадатковы імпульс для далейшага ўмацавання нацыянальнай бяспекі, згуртавала нашыя сілы, а некаторым ведамствам і мясцовым органам улады дазволіла глыбей зразумець сваю ролю і месца ў сістэме яе забеспячэння».

Hавiны
«BYPOL»: Лукашэнка падрыхтаваў у Беларусі надзвычайныя захады, тры падазроныя законы
2023.03.10 15:36

10 сакавіка супольнасць былых сілавікоў Беларусі «BYPOL» звярнула ўвагу на рыхтаванне да падпісання законаў «Аб надзвычайным становішчы», «Аб ваенным становішчы» і «Аб органах дзяржаўнай бяспекі».

Паводле «BYPOL», у закон «Аб надзвычайным становішчы» збіраюцца ўнесці «спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу» як нагоду для ўвядзення надзвычайнага становішча. Такія спробы Аляксандр Лукашэнка бачыць пастаянна.

У закон «Аб ваенным становішчы» збіраюцца, паводле «BYPOL», дадаць як падставу для ўвядзення надзвычайнага становішча «дзеянні іншай дзяржавы, што дазваляюць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю экстрэмісцкім групам і арганізацыям для нападу на Рэспубліку Беларусь, або засылку экстрэмісцкіх групаў і арганізацыяў». Пра здарэнні гэткага кшталту Лукашэнка таксама неаднаразова заяўляў у апошнія гады.

Закон «Аб органах дзяржаўнай бяспекі», як сцвярджае «BYPOL», хочуць дапоўніць забаронай цывільнаму персаналу Камітэту дзяржаўнай бяспекі быць сябрамі палітычных партыяў, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста або праз іншых асобаў, атрымліваць ад іншых дзяржаваў дакументы, што даюць права на перавагі і льготы (напрыклад, карту паляка). Цяпер такія абмежаванні датычаць толькі дзяржаўных службоўцаў КДБ.

«BYPOL» робіць выснову, што «названыя новаўвядзенні ў заканадаўстве сведчаць аб рыхтаванні нелегітымнага да ўвядзення ў Беларусі надзвычайных захадаў».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў