Расейскія самалёты збілі над Чорным морам амерыканскі беспілотнік. Што вядома на гэты час?


Міністэрства абароны Расеі адмаўляе сваю датычнасць да збіцця 14 сакавіка амерыканскага беспілотніка MQ-9 Reaper над Чорным морам. Тым не менш, у ЗША заяўляюць, што перадалі ўладам РФ «сур’ёзнае пасланне». Што вядома пра інцыдэнт на гэты час?

14 сакавіка адбылося першае вядомае сутыкненне ЗША і Расеі за час вайны ва Украіне. Паводле заявы амерыканскіх Збройных сілаў, апарат «выконваў звычайныя аперацыі ў міжнароднай паветранай прасторы, калі быў перахоплены і збіты расейскім самалётам, што прывяло да катастрофы і поўнай страты MQ-9».

Новыя падрабязнасці

Выданне The New York Times са спасылкай на свайго «высокапастаўленага вайсковага прадстаўніка» распавяло новыя падрабязнасці інцыдэнту. Як паведамляецца, беспілотнік вылецеў з ваеннай базы ў Румыніі для выканання планавай місіі, якая звычайна цягнецца 9-10 гадзін. Узбраенняў на ім не было, хоць канструкцыя беспілотніка прадугледжвае гэта.

Reaper назіраў прыкладна за 75 міляў на паўднёвы захад ад Крыму, маючы магчымасць «зазірнуць у Крым» і з міжнароднай прасторы. Ён знаходзіўся на вышыні каля 7,6 км, калі яго перахапілі расейскія самалёты. Яны кружылі над ім і злівалі на яго паліва, спрабуючы сапсаваць абсталяванне.

Цэнтр кіравання амерыканскім беспілотнікам.
Фота: Master Sergeant Steve Horton / United States Air Force

Гэты эпізод, паведаміў суразмоўца The New York Times, ашаламіў амерыканскіх вайскоўцаў, якія назіралі за беспілотнікам з базы Рамштайн у Германіі.

Мінабароны РФ: Гэта не мы, ён – сам

Тым не менш, у Міністэрстве абароны Расеі адмаўляюць наўмыснасць інцыдэнту. Паводле заявы ведамства, амерыканскі беспілотнік ляцеў «з выключанымі транспондарамі з парушэннем межаў раёну часовага рэжыму выкарыстання паветранай прасторы, устаноўленага ў мэтах правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі, даведзенага да ўсіх карыстальнікаў міжнароднай паветранай прасторы і апублікаванага ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі».

У Мінабароны РФ адзначылі, што з прычыны беспілотніка паднялі знішчальнікі, але «ў выніку рэзкага манеўравання» MQ-9 «перайшоў у некіравальны палёт са стратай вышыні і сутыкнуўся з воднай паверхняй».

«Расейскія знішчальнікі бартавое ўзбраенне не ўжывалі, з беспілотным лятальным апаратам у кантакт не ўступалі і шчасна вярнуліся на аэрадром базавання», – заявілі ў ведамстве.

РФ заяўляе пра правакацыю

З прычыны інцыдэнту амбасадар Расеі ў Вашынгтоне Анатоль Антонаў быў запрошаны ў Дзярждэпартамент. Ён таксама «катэгарычна адпрэчыў усе інсінуацыі амерыканскага боку». Пры гэтым ён паўтарыў заяву Міністэрства абароны РФ, паведамілі ў расейскай амбасадзе. Пры гэтым дыпламат адзначыў, што амерыканскі БПЛА «ўпэўнена і правакацыйна рухаўся ў напрамку расейскай тэрыторыі».

У каментары журналістам Антонаў заявіў, што ў Масквы «выклікае заклапочанасць недапушчальная дзейнасць вайскоўцаў ЗША ля непасрэднай блізкасці ад нашых межаў», перадае ТАСС.

«Што ж яны робяць за тысячы кіламетраў ад ЗША? Адказ відавочны: займаюцца зборам выведнай інфармацыі, якая пасля выкарыстоўваецца кіеўскім рэжымам для ўдараў па нашых узброеных сілах і тэрыторыі», – сказаў дыпламат і выказаў спадзеў, што «Злучаныя Штаты ўстрымаюцца ад далейшых спекуляцыяў у медыйнай прасторы і спыняць палёты паблізу расейскіх рубяжоў».

Сур’ёзнае пасланне Расеі

Тым часам прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Нэд Прайс паведаміў, што амбасадарка ЗША ў Расеі Лін Трэйсі перадала МЗС Расеі «сур’ёзнае пасланне» ў сувязі з інцыдэнтам.

«Гэты беспілотны апарат быў збіты – вымушаны быў упасці, я б сказаў, у міжнароднай паветранай прасторы, што было грубым парушэннем міжнароднага права. І таму мы выказваем у рашучых выразах нашы пярэчанні супраць гэтага», – сказаў ён.

Хто забярэ парэшткі?

Прадстаўнік Пентагону Патрык Райдэр на брыфінгу паведаміў, што Міністэрства абароны ЗША працуе над рассакрэчваннем візуальнай інфармацыі, звязанай з інцыдэнтам. Пры гэтым ён не пракаментаваў, ці будуць Злучаныя Штаты спрабаваць забраць рэшткі беспілотніка з Чорнага мора, але ўказаў, што расейскі бок доступ да яго пакуль не атрымаў.

Амерыканскі беспілотнік MQ-9 Reaper.
Фота: Lt. Col. Leslie Pratt / Wikimedia

У сваю чаргу прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дому Джон Кірбі заявіў у эфіры CNN, што ЗША «ўжылі захады», каб беспілотнік не трапіў у чужыя рукі:

«Мы, зразумела, не хочам, каб нехта акрамя нас да яго дабраўся».

Ці будзе эскалацыя?

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваім аналізе выказаў меркаванне, што «інцыдэнт не прывядзе да эскалацыі да прамога канфлікту паміж Расеяй і ЗША». Аналітыкі ISW нагадалі, што «расейскія сілы на працягу многіх дзесяцігоддзяў і на шматлікіх тэатрах выкарыстоўвалі тактыку запалохвання ў дачыненні да амерыканскіх і саюзніцкіх самалётаў і судоў, што не выклікала канфлікт».

На думку экспертаў, прэзідэнты Расеі і ЗША могуць самастойна вырашаць, як менавіта рэагаваць на падобныя інцыдэнты – і ніякіх аўтаматычных дзеянняў у бок эскалацыі за імі не рушыць услед. Паколькі ж як Вашынгтон, гэтак і Крэмль неаднаразова дэманстравалі нежаданне пачынаць вайну, «няма падстаў лічыць, што падобныя інцыдэнты могуць прывесці да небяспечнай эскалацыі».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў