Журналістам Ягору Марціновічу і Андрэю Скурку агучылі прысуд


Суддзя суда Заводскага раёну Менску Анжэла Касцюкевіч агучыла прысуд нашаніўцам Ягору Марціновічу і Андрэю Скурку. Палітвязням прысудзілі 2 з паловаю гады турэмнага зняволення кожнаму, паведамляе «Наша Ніва».

Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч.
Фота: Наша Ніва / Telegram

Пракурор Мікалай Дзяцел запатрабаваў для палітвязняў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурка па 2 з паловай гады калоніі. Суддзя суда Заводскага раёну Менску Анжэла Касцюкевіч падтрымала абвінавачанне і засудзіла журналістаў на такія тэрміны.

Рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурка затрымалі 8 ліпеня 2021 года. У той жа дзень затрымалі Андрэя Дынька, галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя», звязанага з «Нашай Нівай», але яго вызвалілі 21 ліпеня пад падпіску аб яўцы. Спачатку ішлося аб справе паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Але, як абвесцілі на судзе, Скурко «паводле папярэдняй змовы» з Марціновічам і Дыньком «з карыслівых памкненняў, меўшы задуму на нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу» з траўня 2017 года да чэрвеня 2021 года плаціў за камунальныя паслугі як за кватэру, паводле субсідаваных тарыфаў, а не як за офіснае памяшканне рэдакцыі, з «поўнай кампенсацыяй выдаткаў».

Шкоду налічылі «Менскэнерга» на 9866 руб. 20 кап., «Менскводаканалу» – на 250 руб. 70 кап. Гэта перавысіла 348 базавых велічыняў – таму «злачынства» кваліфікуюць як здзейсненае «ў буйным памеры».

АУ belsat.eu

Стужка навінаў