Задушыўшы дзяцей, жанчына спрабавала скончыць жыццё самагубствам


З’явіліся падрабязнасці забойства чатырох малалетніх дзяцей у Воршы, якое адбылося ўвечары 14 лютага. Пра гэта напісаў тэлеграм-канал сілавікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: kazlenta.kz

Як паведамляецца, 36-гадовая жанчына мела шасцярых дзяцей і жыла на вуліцы Завадскага. Пасля таго як ейнага мужа забралі ў ЛПП, органы сацыяльнай апекі запусцілі працэс забірання дзяцей з сям’і.

Каб не дапусціць гэтага, жанчына задушыла чатырох дзяцей, а сабе парэзала вены, жадаючы скончыць жыццё самагубствам.

Па дадзеных «Медиазона», маці дзяцей завуць Ірына Куранкова. Крыніца выдання, блізкая да сям’і, сцвярджае, што першай пра здарэнне даведалася бабуля.

«Усе суседзі распавядаюць, што яна адчыніла дзверы сваім ключом. Прыйшла, бо не магла датэлефанавацца. І ўбачыла там Ірыну ў крыві, таму што тая спрабавала вены парэзаць. І дзяцей. Кажуць, яны ў шэраг ляжалі», – кажа крыніца.

З ягоных слоў, раней Ірыну бачылі са слядамі збіцця, але ніколі ў пʼяным выглядзе. Аднак яе мужа заўважалі нецвярозым.

Сямʼя тройчы праходзіла праз «сацыяльнае расследаванне». Апошняя праверка ўстанавіла, што дзеці «знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы», паколькі ў доме часта не было ежы.

Суседка нават збірала дапамогу для дзяцей – цацкі і адзенне.

Дзеці Ірыны ад розных бацькоў. Генпракуратура распавяла, што яны «вялі амаральны лад жыцця і з дзецьмі не пражывалі».

Нагадаем, што ўвечары 14 лютага ў Воршы былі знойдзеныя целы чатырох малалетніх дзяцей у веку ад 1 да 8 гадоў са слядамі гвалтоўнай смерці. Падазрэнне ўпала на іхную маці. Жанчыну затрымалі.

Hавiны
У Воршы знайшлі забітымі чатырох дзяцей у веку ад аднаго да васьмі гадоў
2024.02.15 08:54

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў