Чаму ў Рафала Бжоскі атрымалася, а ў «Белпошты» – не?

Днямі прачытаў навіну: «Белпошта» закрывае ў Беларусі сетку паштаматаў. І крыху аслупянеў. Зараз патлумачу, чаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: newsgomel.by

Паштаматы – гэта такія паштовыя скрынкі, праз якія можна адпраўляць і ў якіх можна забіраць свае пасылкі, маючы ў руках толькі тэлефон. У паштаматаў няма перапынкаў на абед, яны не абмежаваныя 8-гадзінным працоўным днём. Вы можаце забраць адтуль пасылку 24 гадзіны на дзень 7 дзён на тыдзень. Не трэба заходзіць у паштовае аддзяленне, стаяць у чарзе і вазіць з сабою пашпарт. Такім жа чынам можна адправіць пакунак з прадметам, які вы прадалі праз інтэрнэт. Гэта вельмі зручна, і па ўсім свеце сэрвіс развіваецца самымі хуткімі тэмпамі.

Першае, што мне падумалася, калі я пачуў пра закрыццё: няўжо такая вялікая інвестыцыя не змагла сябе апраўдаць?

Як гэта ўвогуле магчыма ў час, калі онлайн-шопінг і маркетплэйсы паўсюдна выцясняюць традыцыйны гандаль?

Ну і пачаў разбірацца, як гэты перспектыўны бізнес увогуле мог пацярпець паразу ў Беларусі.

Чаму мяне гэта здзіўляе? Бо якраз нядаўна чытаў біяграфію польскага прадпрымальніка Рафала Бжоскі. У 2006 годзе ён адкрыў фірму «InPost» і заняўся стварэннем сеткі паштаматаў у Польшчы. Ужо праз 5 гадоў ягонае прозвішча патрапіла ў спіс 100 самых багатых палякаў. Яшчэ праз 10 гадоў, у 2021-м, ён заняў там 7-мы радок, а ягоны капітал складаў 1 мільярд 300 мільёнаў долараў. Нарадзінец малой польскай вёскі ў 35 гадоў стаў мультымільянерам, а ў 45 – доларавым мільярдэрам. І ўсё дзякуючы паштаматам.

Дык чаму ў Рафала Бжоскі атрымалася, а ў «Белпошты» – не?

Ну, давайце пачнём з таго, што вывучым мапы паштаматаў прыватнай кампаніі «InPost» і дзяржаўнай «Белпошты».

Па ўсёй Польшчы «InPost» мае 25 тысячаў паштаматаў. У адной Варшаве іх болей за тысячу. А што азначае такая колькасць? Што найбліжэйшы да вас паштамат будзе максімум у некалькіх сотнях метраў ад вашага дому. Забраць адтуль вашую пасылку зойме некалькі хвілінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Arkadiusz Ziolek / East News

Давайце зірнём на мапу паштаматаў «Белпошты». Па ўсёй Беларусі іх 40. Не, не 40 тысячаў, а 40 штук. Да таго ж, з іх усяго 20 маюць функцыю, якая дазваляе не толькі атрымаць, але і выслаць пасылку. У Польшчы – 25 тысячаў, у Беларусі – 40. У 500 разоў меней.

У Варшаве – болей за тысячу, у Менску – 15 штук. У Берасці, Гомлі і Магілёве паштаматаў па два на вялізны горад. Горадні пашчасціла – там ёсць ажно тры такія прылады. У прынцыпе, далей можна было б і не разбірацца. Усё і так зразумела.

Але ёсць яшчэ моманты. Напрыклад, калі вы замовілі пакунак, то, каб атрымаць яго праз паштамат, мусіце асобна спампаваць на тэлефон прыкладанне «Белпошты», зайсці ў гэтае прыкладанне, перанакіраваць пакунак са свайго адрасу на адрас паштамата – карацей, гэта складанасці, якіх хіба чыноўнікі дзяржаўнай «Белпошты» не разумеюць.

Hавiны
Улады рыхтуюцца да кантролю паштовых адпраўленняў і тавараў, якія дасылаюцца ў Беларусь з ЕЗ
2023.11.11 12:46

Паштаматы – не проста металёвыя скрынкі, у якія кладуць пасылкі. Не дастаткова паставіць іх некалькі штук у горадзе, азадачыць кліента, каб ён сам перанакіроўваў туды пакункі, і спадзявацца, што народ рване карыстацца паслугай.

Паштамат – гэта зручнасць, лёгкасць і эканомія вашага часу. Гэта, у першую чаргу, пра сэрвіс. Прычым ад моманту, калі вы набываеце тавар на маркетплэйсе (і паслуга паштамата інтэграваная ва ўсе папулярныя маркетплэйсы, як гэта рэалізавана ў Польшчы), і да моманту, калі забіраеце пасылку дарогаю па хлеб, за 150 метраў ад свайго дому.

Таму я вось ні кропелькі не здзіўлены, што пасля пяці гадоў эксперыменту Белпошта абвесціла аб тым, што ідэя паштаматаў не апраўдала сябе і яны закрываюць гэты кірунак дзейнасці. Прычым ведаеце, з якой фармулёўкай? Цытую: «Паштаматы аказаліся незапатрабаванымі сярод беларусаў». Ва ўсім свеце запатрабаваныя, а ў беларусаў – не.

Я звяртаюся да нашых чыноўнікаў, у тым ліку белпоштаўскіх. Чамусьці мне здаецца, што вы проста цынічна перакладаеце на беларусаў сваю ўласную некампетэнтнасць. А ў пытанні незапатрабаванасці лішнія не паштаматы, а непрафесійныя і непаваротлівыя дзяржаўныя чыноўнікі.

Разбор
Рост кошту і часу дастаўкі ды затрыманне рэйсаў. Як дронафобія ўладаў ударыла па беларусах
2024.01.26 16:14

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў