Затрыманы пластычны хірург Аляксей Дужы


Затрыманы беларускамоўны пластычны хірург Аляксей Дужы. Да яго не пускаюць абаронцаў. Пра гэта паведамляе супольнасць «Белыя халаты». 

Аляксей Дужы.
Фота: «Наша Ніва» / nashaniva.com

15 лютага стала вядома, што яшчэ на мінулым тыдні сілавікі затрымалі беларускамоўнага пластычнага хірурга Аляксея Дужага. Затрыманне адбылося проста ў паліклініцы, на працоўным месцы. Вядома, што Дужага трымаюць на Акрэсціна, адвакатаў да яго не дапускаюць. Яго ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе.

Паводле «Белых халатаў», на мінулым тыдні прайшоў рэйд па ўстановах аховы здароўя ў Беларусі, падчас якога медыкаў амаль што выкрадалі з працоўных месцаў і потым патрабавалі выкупы за вызваленне. Супольнасць не называла тады прозвішчаў і ўстановаў «з меркаванняў бяспекі», аднак з’ява «была масавай, закранула сталіцу і рэгіёны».

Супольнасць таксама паведамляе, што «тарыфы» за вызваленне пачынаюцца ад $ 500, а канчатковая сума складаецца з некалькіх частак: памер «хабару», які быццам бы інкрымінуюць лекару, памнажаюць на 10, звыш таго патрабуюць 25 тысячаў рублёў «на судовыя выдаткі» і 600 базавых велічынь штрафу.

Не вядома, ці адносіцца затрыманне Дужага да згаданага «рэйду».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў