Яшчэ адзін беларус трапіў у палон ва Украіне – ваяваў на баку баевікоў групы Вагнэра


Служба бяспекі Украіны 15 лютага паведаміла аб выстаўленні падазрэнняў ва «Удзеле наймітам ва ўзброеным канфлікце» (ч.4 арт. 447 КК Украіны) грамадзяніну Беларусі, які ваяваў у складзе групы Вагнэра. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баевікі групы Вагнэра. Сака і Ванцэцці, Украіна. 1 лютага 2023 года.
Фота: канал баевікоў групы Вагнэра / Telegram

Паводле СБУ, грамадзянін Беларусі ў ліпені мінулага года далучыўся да баевікоў расейскай групы Вагнэра (фармаванне, якое з’яўляецца незаконным і паводле міжнародных пагадненняў, і паводле расейскіх законаў). У складзе групоўкі ён браў удзел у баях супраць украінскіх войскаў на бахмуцкім напрамку, што на Данбасе, і ў лістападзе 2022 года трапіў у палон падчас баёў блізу паселішча Курдзюмаўка Данецкай вобласці.

Як сцвярджае следства, беларус пайшоў да баевікоў, каб «зарабіць грошай». Пасля затрымання ён даў СБУ паказанні адносна ваенных злачынстваў акупацыйных войскаў і асобаў, датычных да іх. Таксама ён распавёў пра катаванні і забойствы за невыкананні загадаў у шэрагах «вагнэраўцаў».

Гэта не першы беларус, які ваяваў на баку расейскіх баевікоў і трапіў у палон ва Украіне. 19 верасня 2022 года ўкраінцы ўзялі ў палон баевіка іншай «прыватнай вайсковай кампаніі» пад назвай «Рэдут» – яго асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. У кастрычніку стала вядома пра гібель беларуса, якога завербавалі ў групу Вагнэра з расейскай калоніі. Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне было вядома пра прынамсі 12 грамадзянаў Беларусі ў складзе баевікоў групы Вагнэра.

Разбор
Прыгожын губляе ўплыў. Што вядома пра актыўнасць баевікоў расейскай групы Вагнэра
2023.02.15 07:03

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў