Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі паведамляе, што пагадненне аб арганізацыі перавозу беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты можа быць аформленае пасля 15 лютага. Пры гэтым у міністэрстве цвердзяць пра гатовасць да падпісання гэтай дамовы з Мінтрансам РФ, піша «Интерфакс».
Мінтранс Расеі яшчэ на мінулым тыдні паведамляў, што пагадненне аб перавалцы беларускіх грузаў у расейскіх партах будзе падпісанае 15 лютага. Але раптоўна беларускі бок заявіў, што пакуль дакументаў падпісаць не могуць.
«Цяпер завяршаюцца ўнутрыдзяржаўныя працэдуры рыхтавання да падпісання пагаднення паміж Беларуссю і Расеяй аб арганізацыі супрацы ў галіне перавозу і перавалкі нафтапрадуктаў. У сувязі з гэтым меркаваная сустрэча будзе перанесеная», – сказала прэс-сакратар Міністэрства транспарту Беларусі Ганна Курылёнак.
У міністэрстве таксама дадаюць, што да гэтага часу не гатовыя кантракты з расейскімі аператарамі тэрміналаў марскіх партоў у Санкт-Пецярбургу і Усць-Лузе і з чыгуначным аператарам, якія павінны падпісвацца разам з пагадненнем.
Мінтранс Расеі паведамляе, што беларускія прадпрыемствы будуць перавозіць праз расейскія парты 9,8 млн т цягам 2021–2023 гадоў. Вядзецца пра пастаўкі мазуту, бензіну і некаторых іншых нафтапрадуктаў. Для беларускага боку кантракт з расейскімі партамі не такі выгадны, як з літоўскімі. Але раней Лукашэнка пагражаў, што адмовіцца ад партоў у Прыбалтыцы, паколькі палітыка гэтых краінаў, на ягоную думку, варожая ў дачыненні Беларусі.
«Я даручыў ураду ўнесці прапанову аб пераарыентацыі ўсіх гандлёвых патокаў з партоў Літвы на іншыя. Вось мы і паглядзім, як яны будуць жыць. 30 % літоўскага бюджэту фармуюць нашы грузапатокі праз Літву. Што яшчэ трэба? Зажэрліся. Таму паставім на месца», – адзначыў ён.
У сваю чаргу літоўскі прэм’ер-міністр Саўлюс Сквярняліс (Saulius Skvernelis) заявіў, што адмова ад транзіту грузаў праз парты Літвы перш за ўсё ўдарыць па Беларусі.
СК belsat.eu